Дэпутаты Рады прапануюць аднавіць ядзерны статус Украіны
19- 6.12.2016, 21:55
- 10,397
Законапраект прадугледжвае скасаванне закона «Аб далучэнні Украіны да Пагаднення аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі».
Сябры Радыкальнай партыі Украіны, у тым ліку і кіраўнік яе парламенцкай фракцыі Алег Ляшко, унеслі на разгляд Вярхоўнай рады законапраект аб аднаўленні статусу Украіны ў якасці ядзернай дзяржавы. Праект зарэгістраваны ў аўторак, 6 снежня, паведамляе dw.com.
Законапраект прадугледжвае скасаванне закона «Аб далучэнні Украіны да Пагаднення аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года», а таксама аднаўленне права краіны на ядзерную зброю. Тэкст дакумента пакуль не апублікаваны.
Украінскі парламент у 1994 годзе прыняў закон «Аб далучэнні Украіны да Пагаднення аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года» з шэрагам умоў.
У дакуменце сказана, што Кіеў будзе разглядаць як выключныя абставіны, якія пагражаюць яе найвышэйшым інтарэсам, усякія пагрозы ўжывання сілы супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці меж або палітычнай незалежнасці Украіны з боку ўсякай ядзернай дзяржавы.
У снежні 1994 года быў падпісаны Будапэшцкі мемарандум - міжнародны пакт паміж Украінай, ЗША, Расеяй і Вялікабрытаніяй аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Украіны да дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі