Пенсіянер з Беларусі кінуў у маўзалей Леніна бутэльку з фарбай
38- 15.02.2016, 14:45
- 58,334
Пажылы мігрант з Беларусі затрыманы напярэдадні на Краснай плошчы ў Маскве пасля таго, як кінуў у маўзалей Леніна бутэльку з фарбай.
Пра гэта паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў праваахоўных органах.
З ягоных слоў, у нядзелю блізу 14:00 невядомы, праходзячы па Краснай плошчы, выхапіў з пакета шкляную паўлітровую бутэльку і кінуў яе ў бок Маўзалея. У выніку ўваход у будынак з левага боку апынуўся заліты зялёнай фарбай.
Мужчына быў неадкладна затрыманы і дастаўлены ў аддзел МУС, дзе высветлілася, што гэта 78-гадовы ўраджэнец Беларусі, які пражывае ў Маскве. Ён адмовіўся патлумачыць свой учынак, і запатрабаваў выклікаць журналістаў і прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта, сказаў суразмоўца агенцтва.
Ён дадаў, што лекары хуткай дапамогі шпіталізавалі мужчыну ў адну з псіхіятрычных лякарняў сталіцы.
Паводле папярэдніх звестак, мужчына шмат гадоў судзіцца са сваёй кіроўнай кампаніяй, але ўсе судах прайграе, што і падштурхнула яго на гэты ўчынак, распавяла крыніца.
Ён удакладніў, што мужчына аспрэчвае адмову ўладаў кампенсаваць яму выдаткі на ўстаноўку лічыльнікаў вады, а таксама высокі кошт жыллёва-камунальных паслуг.
Наступствы інцыдэнту былі ліквідаваныя цягам паўгадзіны, дадаў суразмоўца «Інтэрфакса».