28 красавiка 2024, Нядзеля, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Людзі п'юць і канаюць: алкагалізацыя Беларусі прадаўжаецца

25
Людзі п'юць і канаюць: алкагалізацыя Беларусі прадаўжаецца
ФОТА З САЙТА NAKANUNE.RU

Злоўжыванне алкаголем робіць значны ўнёсак у смяротнасць. Алкагольная ж палітыка дзяржавы праводзіцца з дакладнасцю наадварот.

Алкаголь - першы ў спісе чыннікаў рызыкі хвароб

Традыцыйна сярод прычын смерці беларусаў у лідарах хваробы сістэмы кровезвароту, затым ідуць новаўтварэнні, вонкавыя прычыны, хваробы органаў стрававання і дыхання, пішуць «Беларускія навіны».

Сярод вядучых чыннікаў рызыкі медыкі вызначаюць (адпаведна ўдзельнай вазе) алкаголь, паленне, падвышаны артэрыяльны ціск, высокі індэкс масы цела, недастатковае спажыванне садавіны і агародніны і недастатковая фізічная актыўнасць.

Алкаголь як чыннік рызыкі хвароб і ранніх смерцяў цяжка пераацаніць. Напрыклад, сярод хвароб стрававання, якія прыводзяць да смерці, цыроз у лідарах, значная частка выпадкаў якога выкліканая злоўжываннем алкаголем.

Асноўнымі прычынамі смерці ў працаздольным узросце ад вонкавых прычын застаюцца выпадковыя атручванні алкаголем. Большасць атручаных памірае праз занадта вялікую колькасць выпітага, хоць сам алкаголь у гэтых выпадках адпавядае патрабаванням якасці.

Алкаголь быў у крыві 60% самагубцаў

На другім месцы сярод вонкавых прычын - самагубствы, якія ў значнай ступені звязаныя са злоўжываннем алкаголем - амаль 60% тых, хто скончыў жыццё самагубствам знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Менавіта таму Комплексны план прафілактыкі суіцыдальных паводзін у Беларусі ў 2009-2012 гадах уключаў забарону продажу алкаголю ў начны час (пасля 2012 такія планы не прымаліся). Медыкі канстатуюць, што акурат уночы ўчыняецца значная частка суіцыдаў у стане ап'янення.

Алкагольная залежнасць і суіцыд ідуць поплеч. Імавернасць учынення суіцыду ў хворых другой стадыі алкагольнай залежнасці ў 80 разоў большая, чым у сярэднестатыстычнага жыхара краіны, адзначыў псіхіятр прафесар Сяргей Ігумнаў.

«Пры ўсіх хібах антыалкагольная кампанія другой паловы 80-х мінулага стагоддзя паказала, што пры зніжэнні даступнасці алкаголю людзі менш п'юць, і зніжаецца колькасць суіцыдаў. У Беларусі з 1985 да 1988 года паказчык суіцыдаў знізіўся з 23 да 18,5 выпадку на 100 тысяч насельніцтва. Да 1996 году паказчык павялічыўся амаль удвая і склаў 35,3», - сказаў Сяргей Ігумнаў.

Словы і справы ўладаў у дачыненні да алкаголю разыходзяцца

Паводле вынікаў 2015 года ў Менску смяротнасць ад вонкавых прычын зменшылася на 8,5%, аднак у медыкаў «гэтыя лічбы выклікаюць сур'ёзную ўстурбаванасць», адзначыў старшыня Камітэта аховы здароўя Менгарвыканкама Ігар Юркевіч на нядаўняй выніковай калегіі.

«Многае залежыць ад эфектыўнасці захадаў, накіраваных на фармаванне здаровага ладу жыцця, выхаванне культуры чалавека. Медыцынскімі работнікамі ў сувязі з гэтым было праведзена больш за 103 тысячы розных мерапрыемстваў. Разам з тым яны павінны дайсці да кожнага чалавека», - распавёў Юркевіч.

Старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац на гэты конт адзначыў: «Колькі б ні казалі, што трэба весці здаровы лад жыцця - не піць, не паліць - добрыя ідэі і заклікі застануцца на паперы. Прафілактычная праца не трапляе на патрэбную аўдыторыю. Колькі б лекары ні казалі, горад раптам не пачне актыўна займацца спортам, кідаць паліць».

Старшыня Менгарвыканкама сам хоча «пачуць прапановы, што можна зрабіць розным гарадскім службам, каб пачаць правільна, прадметна той мэтавай аўдыторыі, якой гэта неабходна, прамываць мазгі ў добрым сэнсе слова».

Мэта - змяніць стаўленне насельніцтва да палення, алкаголю, актыўнага ладу жыцця: «Калі людзі не зменяць стаўленне да свайго здароўя, усё так і будзе надалей: будзем выдаткоўваць такія значныя сумы на выклікі хуткай меддапамогі і лячэнне ў стацыянарных установах і візіты ў паліклінікі».

Безумоўна, беларуская традыцыя ўжываць алкаголь з кожнай нагоды і без яе не зменіцца раптоўна.

Аднак дзіўна, як чыноўнікам не надакучыць рабіць выгляд, што яны не ведаюць, што трэба рабіць у сферы антыалкагольнай палітыкі, бо спіс антыалкагольных захадаў, якія прыводзяць да зніжэння спажывання спіртнога (моладдзю, перш за ўсё), агульнавядомы. Гэта абмежаванне месцаў (асобныя крамы або аддзелы) і часу продажу (забарона на продаж спіртнога ўночы) алкаголю.

Аднак у Менску не плануецца ўводзіць забарону на продаж алкаголю ўночы. Гэтая забарона, якая дзейнічала ў сталіцы некаторы час, не прынесла адчувальных вынікаў, заявіў 10 лютага старшыня Менгарвыканкама.

Нагадаем, улады Менска і Гомеля анулявалі абмежаванні на продаж алкаголю ў вечаровы і начны час пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павялічыць аб'ёмы продажаў айчыннага алкаголю.

«Мы не змаглі спыніць вал кантрафакту», - сказаў Андрэй Шорац. Паводле ягоных слоў, незаконнае абарачэнне алкаголю арганізавалі ў інтэрнэце.

«Набіраю ў пошукавіку запыт «купіць алкаголь уночы». У нас народ вельмі «творчы» ў гэтым плане. Так, алкаголь «здавалі ў арэнду», былі аб'явы «прывязу піцу, бутэлька гарэлкі ў дадатак», «давязу па гарэлку». Зразумела, што нікуды ён не павязе, гарэлка ў яго ёсць», - падаў Андрэй Шорац факты творчага падыходу, паводле ягонай ацэнкі, у рэалізацыі алкаголю ў інтэрнэце.

Андрэй Шорац наўпрост заявіў, што Менгарвыканкам з ягонай арміяй правяральных органаў і міліцыяй не змог справіцца з контрафактам, таму і скасаваў забарону на начны продаж алкаголю.

«Вяртацца да гэтага больш не будзем», - сказаў на заканчэнне Андрэй Шорац.

Адзначым, што старшыня Менгарвыканкама паўтарае, фактычна, сказанае Аляксандрам Лукашэнкам.

«Я схіляюся да таго, што ўсе забаронныя захады шкодныя, - заявіў дыктатар 28 студзеня. - Дзесьці мы забаронім, але гэта эфекту не дасць. Гэта дасць працу ценявікам. Рэч нават не ў бюджэце, што мы нешта там страцім. Мы тут не здабудзем у грошах, бо больш будзем выдаткоўваць на раскрыццё злачынстваў».

Узнікае пытанне - хіба не з'яўляецца барацьба з кантрафактнай прадукцыяй і нелегальным гандлем наўпроставым абавязкам сілавых і кантрольных органаў? І чаму невыкананне імі сваіх абавязкаў з'яўляецца падставай для спайвання народа?

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках