3 траўня 2024, Пятніца, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску забаранілі пікет за захаванне парку на Цнянцы

6
У Менску забаранілі пікет за захаванне парку на Цнянцы
Фота: greenbelarus.info

Пікет планавалася правесці 27 траўня на пляцоўцы каля ўніверсама па вуліцы Мірашнічэнкі.

Менгарвыканкам забараніў пікет у абарону парку на Цнянскім вадасховішчы, паведаміў БелаПАН каардынатар кампаніі «Генплан - для менчукоў!» Дзяніс Кобрусеў.

Пікет планавалася правесці 27 траўня на пляцоўцы каля ўніверсама па вул. Мірашнічэнкі, 3, з 17.00 да 20.00. Асноўная мэта - інфармаванне грамадзян аб будаўніцтве аб'екта «Фізкультурна-аздараўленчы комплекс з тэніснымі кортамі ў раёне вуліц Мірашнічэнкі - Варапаеўская» і збор подпісаў пад зваротам аб прыпыненні будоўлі да правядзення грамадскага абмеркавання аб'екта.

Гарадскія ўлады аргументавалі прычыну адмовы ў правядзенні пікета тым, што «на пляцоўцы каля ўніверсама запланаванае правядзенне іншага мерапрыемства».

«Адмова ў правядзенні пікета - гэта тактыка гарадскіх уладаў збіваць рэзананс і грамадскую ўвагу да праблемы знішчэння парку на Цнянцы і незаконнай будоўлі. Раней раённыя ўлады абяцалі правесці інфармацыйную сустрэчу з жыхарамі - абяцанне не стрымалі, абяцалі не знішчаць бярозавы гай - і хутка пачалі яго спілоўваць. Мы бачым спробы зацягнуць развязанне праблемы, каб паспець спілаваць усё запланаванае, каб гараджанам няма чаго было абараняць», - мяркуе Кобрусеў.

Аднак, паводле ягоных слоў, актывісты грамадскай кампаніі «Генплан - для менчукоў!» 24 траўня накіравалі яшчэ сем заяваў на правядзенне пікетаў на гэтай жа пляцоўцы з 9 да 15 чэрвеня.

Як паведамлялася раней, з красавіка ў раёне вуліц Мірашнічэнкі - Варапаеўская вядуцца работы для падрыхтоўкі пляцоўкі да будаўніча-мантажных работ у будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу з тэніснымі кортамі. Ужо выкарчаваныя маладыя дрэвы, спілаваная частка дарослых дрэў, прыбраныя тратуарныя дарожкі, зняты грунт.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках