2 траўня 2024, Чацвер, 9:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў рыхтуецца да выступу на Сусветных гульнях у Польшчы

16
Віталь Гуркоў рыхтуецца да выступу на Сусветных гульнях у Польшчы
Віталь Гуркоў
ФОТА: CHARTER97.ORG

Чэмпіён свету мае намер працягваць спартыўную кар'еру, але не разлічвае на запрашэнне ў каманду.

Беларускі баец, празваны народным чэмпіёнам, Віталь Гуркоў, які на майскім чэмпіянаце ў Швецыі стаў 11-кратным чэмпіёнам свету па муай-тай, прадоўжыць спартыўную кар'еру, але аб вяртанні ў асноўны склад каманды не думае.

«Па-першае, мяне ўсё задавальняе, і не разлічваю, што мяне запросяць вярнуцца ў каманду, - паведаміў ён БелаПАН. - Па-другое, гэта перашкаджала б маёй музычнай дзейнасці».

Гуркоў распавёў, што займаецца трэнерскай працай і плануе ездзіць з гастролямі ў складзе гурту Brutto. Спартовец будзе рыхтавацца да ўдзелу у Сусветных гульнях, якія пройдуць у наступным годзе ў польскім Кракаве. Гэтую ліцэнзію прынесла яму перамога ў сусветным першынстве. Аднак, са слоў «народнага чэмпіёна», ад запрашэнняў выступіць на якіх-небудзь спаборніцтвах за Беларусь ён адмаўляцца не будзе.

Цягам бліжэйшых дзён Гуркоў плануе распарадзіцца грашыма, якія грамадскасць сабрала яму на паездку ў Швецыю. На які менавіта дабрачынны праект пойдуць сродкі, ён пакуль не вырашыў, але адзначыў, што «гэта будзе нейкая патрэбная, добрая справа».

Нагадаем, выступ Віталя Гуркова ў Швецыі быў пад пытаннем. Спартовец, які з'яўляецца ўдзельнікам музычнага праекта Сяргея Міхалка Brutto, выйграў чэмпіянат Беларусі, аднак, паводле інфармацыі, якая з'явілася ў інтэрнэце і СМІ, Міністэрства спорту адмовілася выдзяляць сродкі на паездку Гуркова на ЧС. Менш чым за адзін дзень прыхільнікі Гуркова сабралі неабходныя тры тысячы еўраў на спецыялізаванай інтэрнэт-пляцоўцы, а самога спартоўца заўзятары і журналісты пачалі называць «народным чэмпіёнам». Пасля паднятай шуміхі Мінспорту прафінансавала паездку Гуркова, а сабраныя ў інтэрнэце грошы баец паабяцаў перадаць дзіцячаму дому.

Усяго на чэмпіянаце свету, які прайшоў з 18 да 28 траўня, беларускія спартоўцы заваявалі дзесяць медалёў, у тым ліку пяць залатых. Акрамя Гуркова чэмпіёнамі сталі Дзмітрый Валент, Анатоль Ванакоў, Андрэй Герасімчук і Алена Ляшкевіч.

У актыве беларускай каманды таксама адно срэбра і чатыры бронзы. На ўзнагароджанне «народны чэмпіён» выйшаў з дзяржаўным сцягам на плячах і ў майцы з «Пагоняй».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках