2 траўня 2024, Чацвер, 6:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жаліба: Масква кошт газу знізіць, але шараговыя беларусы менш плаціць не стануць

2
Жаліба: Масква кошт газу знізіць, але шараговыя беларусы менш плаціць не стануць
Барыс Жаліба

Розніцу, якая стане большай, забярэ дзяржава, - мяркуе экспэрт.

Ці зможа Уладзімір Сямашка пераканаць Маскву спісаць пазыку і знізіць кошт газу? Спрэчка пра пазыку Беларусі за пастаўкі расейскага газу працягнуць віцэ-прэм'еры дзвюх краін. Пра гэта паведаміў журналістам міністр энэргетыкі РФ Аляксандр Новак, піша zautra.by.

Ён не змог назваць прыблізную дату сустрэчы, і хто будзе прадстаўляць Расею. А вось з беларускага боку ў гэтых перамовах будзе ўдзельнічаць намеснік старшыні ўрада Уладзімір Сямашка.

Паводле звестак Мінэнерга РФ, за першыя чатыры месяцы 2016 года доўг Беларусі перад «Газпрамам» склаў больш за 125 млн даляраў. Міністр энэргетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык адхіляе наяўнасць пазыкі, і мяркуе справядлівым кошт за расейскі газ сумаю 73, а не 132 даляры за 1 тыс. кубаметраў.

Пытанне, ці пойдзе Масква на саступкі хаўрусніка, журналісты задалі прафесару, доктару эканамічных навук Барысу Жалібу.

- Расейцы кошт паменшаць, але не настолькі, як просяць беларусы, - прагназуе экспэрт.

З яго слоў, у сувязі з падзеннем коштаў нафты, беларускі бок можа патрабаваць перагляду дамовы аб разліках за газ, калі ў дакуменце пазначаныя пэўныя тэрміны.

- А калі ён бестэрміновы, то фармальна мае рацыю Расея. Але звычайна Масква ішла нам насустрач. Нейкае зніжэнне, думаю, будзе і гэтым разам. Сямашка - дасведчаны перагаворшчык, - адзначае Жаліба.

Ён падкрэслівае, што паказчыкі ў «Газпрама» ўжо даўно сур'ёзна пайшлі ўніз.

- Будзе кампраміснае развязанне. Абодва бакі павінны пайсці адзін аднаму насустрач, - мяркуе ён.

- Якія бонусы атрымаюць шараговыя беларусы, калі Расея чарговым разам зробіць нам зніжку на газ?

- Я прадбачу, што для насельніцтва і прадпрыемстваў кошт газу не зменіцца. Прынамсі, я не памятаю такіх выпадкаў, каб канчатковым беларускім спажыўцам зніжалі кошт. Розніцу, якая стане большай, забярэ дзяржава.

- Ці аслабіць залежнасць Беларусі ад расейскага газу Астравецкая АЭС?

- У выпадку ўводу ў эксплуатацыю АЭС беларусы, натуральна, скароцяць закупкі газу ў Расейскай Федэрацыі. У той жа час атамная станцыя зробіць Беларусь цалкам залежнай ад Расеі, якая будзе пастаўляць ядзернае паліва на гэтую АЭС. Але галоўнае, павялічыцца эканамічная залежнасць. Нам давядзецца аддаваць усходнім суседзям 10 млрд даляраў.

- Што цяпер перашкаджае Беларусі скараціць спажыванне расейскага газу?

- Фармальна ўрад ставіць задачу ў выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энэргіі. Хоць у нас ёсць магчымасці для будаўніцтва ГЭС, устаноўкі «ветракоў», сонечных батарэй. Але асаблівага імпэту ў гэтай справе ўлады не праяўляюць. Неабходная прыватная ініцыятыва, а для яе трэба ствараць адпаведныя ўмовы. Таксама патрэбныя тэхналогіі, капіталаўкладанні. А іх няма.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках