2 траўня 2024, Чацвер, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзель «дрэнных запазычанасцяў» у Расеі імкліва расце

Дзель «дрэнных запазычанасцяў» у Расеі імкліва расце
ФОТА: REUTERS

За год аб'ём пратэрмінаванай запазычанасці вырас на 43%.

Аб'ём пратэрмінаванай запазычанасці ў крэдытах у Расеі, паводле звестак на 1 красавіка 2016 года, склаў 1,07 трлн. Гэта амаль 19% усіх запазычанасцяў расейцаў, паказала статыстыка Аб'яднанага крэдытнага бюро.

За год аб'ём пратэрмінаванай запазычанасці вырас на 43%, а аб'ём крэдытаў з пратэрміноўкай больш за 90 дзён - на 32%, паведамляе BBC.

Крэдыты з пратэрміноўкай больш за тры месяцы ўважаюцца за «дрэнныя абавязкі». Вярнуць такія крэдыты амаль немагчыма, гаворыцца ў справаздачы бюро. Банкам даводзіцца гэтыя запазычанасці спісваць або перадаваць іх калектарам.

Цяпер аб'ём «дрэнных» крэдытаў складае 1,03 трлн - гэта 18,3% усёй запазычанасці. Агулам прырост пратэрмінаванай запазычанасці ў многіх рэгіёнах ідзе за кошт такіх «дрэнных запазычанасцяў», адзначаюць аналітыкі.

Лідары ў запазычанасцях

Сярод рэгіёнаў лідарам у пратэрмінаванай запазычанасці з'яўляецца Інгушэція, дзе грамадзяне не ўнеслі своечасова аплату па 58% выдадзеных крэдытаў на агульную суму 2,8 млрд рублёў. Большая частка гэтай сумы прыпадае на дзель «дрэнных запазычанасцяў».

Высокая дзель пратэрмінаванай запазычанасці таксама ў Карачаева-Чаркесіі, Кабардзіна-Балкарыі, Калмыкіі і Кемераўскай вобласці. Ва ўсіх гэтых рэгіёнах большая частка пратэрміноўкі - гэта крэдыты, запазычанасць у якіх больш за 90 дзён.

Аднак нават у тых рэгіёнах, дзе ўзровень пратэрмінаванай запазычанасці невысокі, вялікая яе частка прыпадае менавіта на «дрэнныя» крэдыты.

Часцей за ўсё пратэрмінаванымі выяўляюцца запазычанасці ў крэдытах гатоўкай і крэдытных картах. Ледзь радзей адбываецца пратэрміноўка ў аўтакрэдытах.

У шэраг рэгіёнаў з самымі высокімі тэмпамі росту запазычанасці ўвайшлі Калмыкія, Ямала-Нянецкая аўтаномная акруга, Чукоцкая АТ, а таксама Кастрамская і Тамбоўская вобласці.

Ва ўсіх гэтых рэгіёнах дзель «дрэнных» крэдытаў расце хутчэй, чым дзель пратэрмінаванай запазычанасці агулам. Напрыклад, прырост пратэрмінаванай запазычанасці ў Калмыкіі за год склаў 114%, пры гэтым запазычанасці, пратэрмінаваныя больш чым на 90 дзён, выраслі на 124%.

Пяць крэдытаў і менш

У Расеі пяць і больш крэдытаў, паводле звестак на 1 красавіка, маюць 306,9 тысяч чалавек, гаворыцца ў статыстыцы Нацыянальнага бюро крэдытных гісторый. За год іх колькасць скарацілася на 47,8%.

Паводле звестак НБКІ, чатыры крэдыты цяпер маюць прыблізна 742,6 тысяч чалавек - іх колькасць знізілася на 40%.

Колькасць аб’ектаў з трыма і двума крэдытамі склала адпаведна 1,8 млн чалавек і 4,7 мільёна чалавек. Іх колькасць за год знізілася на 32% і 23%.

Пазыковая нагрузка, то бок, суадносіны штомесячных аплатаў да штомесячных даходаў, склала 51,67% супраць 52,44% год таму.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках