7 траўня 2024, aўторак, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП: Без пратэстаў улады не ідуць на дыялог

13
ІП: Без пратэстаў улады не ідуць на дыялог

Магілёўскія прадпрымальнікі зноў запатрабавалі скасаванне ўказу №222.

Пра гэта гаворыцца, між іншым, у выніковым дакуменце які прайшоў 30 траўня ў Магілёве з удзелам блізу 40 чалавек на рэгіянальным форуме прадпрымальнікаў, паведамляе БелаПАН.

Асноўным пасылам форуму было развіццё адкрытага дыялогу паміж мясцовай уладай і малым бізнэсам. Аднак, як адзначаюць арганізатары, праблемы ў пошуку месцы правядзення сустрэчы і адсутнасць запрошаных на яе чыноўнікаў Магілёўскага аблвыканкама паказалі, што мясцовая ўлада не гатовая абмяркоўваць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі іх праблемы.

У той жа час, як падкрэсліў вядучы сход старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, сітуацыя ў прадпрымальніцкім асяродку пасля зімовых пратэстаў, «закансерваваная і можа выбухнуць у любы момант». «Мы тут, каб не паўтаралася тое, што было зімой», - сказаў ён, адзначаючы недальнабачнасць магілёўскіх чыноўнікаў, якія адмовіліся ад кантактаў.

З яго слоў, рабочая група, створаная пры Мінэканоміцы на хвалі зімовых пратэстаў прадпрымальнікаў, паказала сваю недзеяздольнасць і з моманту аднаўлення ІП працы ў лютым-сакавіку ні разу не сабралася. «Значыць, яна стваралася толькі для зняцця напружання, а не для сістэмнай працы», - адзначыў кіраўнік «Перспектывы».

Анатоль Шумчанка распавёў пра спробы падатковых органаў на справе задзейнічаць карную функцыю ўказу №222, які абавязвае індывідуальных прадпрымальнікаў рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі.

Апошні такі выпадак, актыўна абмяркоўваецца магілёўскімі прадпрымальнікамі, адбыўся ў Шклове. Там падатковая інспекцыя прад'явіла прэтэнзіі мясцовай прадпрымальніцы, у сувязі з тым, што аптовы прадавец - расейская кампанія - на сваё меркаванне не пажадала дакументальна пацвердзіць факт продажу.

Выступоўцы на форуме задаваліся пытаннем, чаму канфіскаваны ў ІП тавар, на які няма адпаведных сертыфікатаў, затым прадаецца ў дзяржаўных крамах, і на іх ужо не патрабуецца ніякіх дакументаў.

Прадпрымальнікі паказвалі, што ў выніку дзеянняў уладаў з зімы колькасць прадстаўнікоў малога бізнэсу, якія працуюць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, скарацілася напалову. «Хто з чыноўнікаў адкажа за гэта?» - задаў пытанне Шумчанка і заклікаў улады «вярнуцца са сцежкі неразважлівасці на дарогу розуму».

Старшыня савета прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтра «Прэстан» Аляксей Валатка мяркуе, што заканадаўства ў Беларусі не дазваляе прадпрымальнікам працаваць сумленна, каб не згалець. Разам з тым ён адзначыў, што сітуацыя ў прадпрымальніцкім асяродку паказвае на негатоўнасць да масавых акцыяў пратэсту, і пакуль магчымыя толькі такія форумы, хоць улады, як сведчыць практыка, чуюць толькі пратэстоўцаў. Такім чынам, атрымліваецца замкнёнае кола - на пратэст не здольныя прадпрымальнікі, а без яго ўлады не ідуць на дыялог.

Прадпрымальнікі таксама здзіўляліся, чаму ўлады запрашаюць у краіну замежны бізнэс, гарантуючы яму розныя прэферэнцыі, а для мясцовага бізнэсу ствараюць ўсё больш праблем.

У выніку абмеркавання ўдзельнікі магілёўскага форуму прынялі выніковы дакумент, у якім прапанавалі, між іншым, стварыць на мясцовым узроўні дыялогавую пляцоўку, каб меркаванне ІП улічвалася пры прыняцці пастаноў, скасаваць указ №222, гарантаваць прадпрымальнікам недатыкальнасць маёмасці, уважаць злачынствам стварэнне перашкодаў чыноўнікамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Яны таксама прызналі нездавальняючай працу абласнога камітэта эканомікі з прадпрымальнікамі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках