3 траўня 2024, Пятніца, 2:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Бярозаўкі запанікавалі праз акцыю супраць шклаваты

2
Улады Бярозаўкі запанікавалі праз акцыю супраць шклаваты
Вітольд АШУРАК

Грамадскага актывіста Вітольда Ашурка аштрафавалі за пікет супраць пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў Бярозаўцы.

У Лідзе на 20 базавых адзінак (4 мільёны 200 тысяч рублёў) асуджаны актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, які зладзіў несанкцыянаваны пікет супраць пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў сваім горадзе, паведамляе «Радыё Свабода».

Са словаў грамадскага актывіста, яго судзілі нават без сведак, з міліцыянтаў ніхто ў суд не з’явіўся, суддзя толькі зачытаў складзены на яго пратакол. У пратаколе было запісана, што пікет праводзіўся без дазволу ўладаў. І дадаваліся здымкі, на якіх Ашурак стаіць з плакатам «Шклавата - смерць Бярозаўкі».

Ашурак растлумачыў суду, што выйшаў на пікет, бо ў горадзе пасля запуску вытворчасці шклаваты цягам года значна пагоршылася экалагічная сітуацыя: на вуліцы хімічны пах, пачалі хварэць дзеці - у іх з'явіўся сухі кашаль, баліць галава, а тэмпературы няма. У Бярозаўцы правялі сход з кіраўніцтвам горада, але начальства ніяк не адрэагавала на гэта.

Суддзя, са словаў актывіста, таксама ведае, што ў Бярозаўцы існуе праблема з экалогіяй, і нават задаў пытанне - чаму Ашурак не падаў ва ўстаноўленым парадку заяўку на правядзенне пікету? Маўляў, тады б разглядалі, на якой падставе яму адмовілі, і, магчыма, не было б штрафу.

«Я адказаў, што не мог падаваць заяўку на імя чалавека, які публічна на агульным сходзе заяўляў, што ніякай экалагічнай праблемы ў Бярозаўцы няма. Ну хіба ён даў бы мне дазвол? Я проста не бачыў у гэтым сэнсу. Тут трэба развязваць сур'ёзную экалагічную праблему, якую з часам выправіць будзе яшчэ больш складана, і я імкнуся па-рознаму прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы, бо там жывем не толькі мы, але і нашы дзеці. Вось такая была ў мяне прычына, і таму я сказаў, што сваёй віны прызнаць не магу. Зрэшты, я перад тым, як выйсці на пікет, добра ўсведамляў, што мяне за гэта чакае», - кажа Вітольд Ашурак.

У судзе прысутнічаў актывіст Сяргей Трафімчык. Паводле ягоных слоў, нягледзячы на спачуванне суддзі, экалагічная праблема ў Бярозаўцы ўсё ж застаецца.

«Аднаму і нават некалькім людзям, відавочна, гэтую праблему зрушыць з месца складана. Трэба, каб да гэтага далучылася грамадскасць, самі жыхары Бярозаўкі. Хоць, як кажуць, усё пачынаецца з малога, бо экалагічная сітуацыя з кожным днём толькі пагаршаецца», - мяркуе Трафімчык.

Вітольд Ашурак заявіў журналістам, што прысуд яго не спыніць і ён будзе далей змагацца за тое, каб змяніць экалагічную сітуацыю ў сваім горадзе.

«Плануем правесці народны сход, а перад гэтым правядзем некалькі пікетаў, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Спыняцца нельга, бо экалагічная сітуацыя толькі пагаршаецца. Думаю, што людзі будуць далучацца», - кажа актывіст.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках