26 красавiка 2024, Пятніца, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты патрабуюць спыніць высечку дрэў на Цнянцы

1

Грамадская кампанія «Генплан - для менчукоў!» перадала патрабаванні жыхароў Зялёнага Луга ў пракуратуру сталіцы.

Подпісы супраць знішчэння парку на Цнянцы і будаўніцтва на яго месцы тэніснага цэнтра жыхары Зялёнага Луга пачалі збіраць пасля таго, як на бераг вадасховішча прыехала тэхніка і рабочыя сталі высякаць маладыя дрэвы і векавыя сосны.

ФОТА: TUT.BY

Нагадаем, пляц памерам 2 гектара кампаніі «Эрыя» год таму асобным указам вылучыў Лукашэнка. Кампанія належыць саўладальніку гандлёвага цэнтра «Экспабел» Пятру Сінкевічу.

Аб праекце вядома, што гэта будзе фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, які ўключае ў сябе чатыры закрытыя тэнісныя корты, корты для сквошу, аздараўленчы комплекс з 25-метровым басейнам, трэнажорныя залы, а таксама рэстарацыю на 100 пасадачных месцаў. Прадугледжаныя таксама адкрытыя тэнісныя корты і пляцоўкі для пляжнага тэніса і міні-футбола. Плошча цэнтра складзе 7 тысяч кв. метраў.

ФОТА: TUT.BY

Калі мясцовыя жыхары даведаліся, што лес сякуць дзеля чарговага спартовага цэнтра, яны сталі збіраць подпісы пад петыцыяй за захаванне парку і супраць будаўніцтва.

Падтрымаць людзей наважыла і грамадская кампанія «Генплан - для менчукоў!», актывісты якой дапамаглі напісаць і накіраваць у пракуратуру Савецкага раёна скаргу, паведамляе tut.by.

У ёй гаворыцца, што ў адпаведнасці з Законам «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», фізічныя асобы маюць права на спрыяльнае асяроддзе пражывання пры вядзенні архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, на праўдзівую, поўную і своечасовую інфармацыю аб стане асяроддзя пражывання і яго меркаваных зменах, калі іншае не ўстаноўлена ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Паводле стану на 4 траўня ў парку на Цнянцы выкарчаваныя маладыя насаджэнні, спілаваная частка дарослых дрэў, прыбраныя ходнікі.

Тэрыторыя, дзе вядуцца работы падрыхтоўкі да забудовы, уваходзіць у распрацаваны і зацверджаны праект дэталёвага планавання тэрыторыі жылой сядзібнай забудовы вёскі Цна (далей ПДП), зацверджаны пастановай Менгарвыканкама ад 19 студзеня 2006 года №32. Аднак у зацверджаным ПДП гэты пляц не быў вызначаны пад забудову аб'ектам «Фізкультурна-аздараўленчы комплекс з тэніснымі кортамі у раёне вул. Мірашнічэнкі-Варапаеўскай». У 2015 годзе была праведзеная карэкціроўка ПДП, у якой ужо ўлічанае размяшчэнне гэтага аб'екта. Аднак новы план не праходзіў працэдуру грамадскага абмеркавання, што прадугледжана нормамі дзейнага заканадаўства. Адпаведна, адкарэкціраваны ПДП, не мае дзеяння і не можа служыць падставай для пачатку будаўніцтва аб'екта «Фізкультурна-аздараўленчы комплекс з тэніснымі кортамі ў раёне вул. Мірашнічэнкі-Варапаеўскай», адзначаецца ў скарзе, накіраванай у пракуратуру.

Таксама ў ёй паказваецца, што і аб высечцы дрэў адміністрацыя раёна, як гэта патрабуецца паводле закону, мясцовых жыхароў не папярэдзіла. А на будаўнічай пляцоўцы адсутнічае пашпарт аб'екта або інфармацыйны стэнд.

Актывісты просяць пракуратуру ўжыць захады пракурорскага рэагавання аб пералічаных фактах, прыцягнуць службовых асоб, якія дапусцілі парушэнні, да адказнасці, абавязаць адміністрацыю Савецкага раёна спыніць высечку зялёных насаджэнняў і будаўнічыя працы да правядзення грамадскага абмеркавання адкарэкціраванага ПДП, і правесці гэтае абмеркаванне ў адпаведнасці з нормамі дзейнага заканадаўства.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках