«Матчын рух 328» стварае міжнародную арганізацыю
5- 1.06.2016, 14:11
- 15,548
Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь адмовіў у рэгістрацыі сацыяльна-асветніцкаму грамадскаму аб'яднанню «Матчын рух 328».
Актывісты арганізацыі абскардзілі ў судзе пастанову ўправы юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама - структуры, якая ўважае рэгістрацыю арганізацыі за немэтазгодную.
Адмова Вярхоўнага Суда ў магчымасці легальнай дзейнасці не азначае, што арганізацыя перастане існаваць, мяркуе ініцыятарка стварэння грамадскага аб'яднання «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар:
«Мы проста будзем ствараць міжнародную арганізацыю. І я думаю, што калі мы будзем зарэгістраваныя за мяжой, то «Матчын рух 328» будзе прыняты за мяжой. І я мяркую, што многія замежныя грамадскія аб'яднанні нас будуць падтрымліваць», - заявіла яна «Радыё Рацыя».
Сацыяльна-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Матчын рух 328» паўстала ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася вакол асуджаных паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса (незаконнае абарачэнне наркатычных і псіхатропных рэчываў).
Сфабрыкаваныя справы і катаванні ў дачыненні да затрыманых за ўжыванне і распаўсюджванне наркотыкаў сталі галоўнай прычынай таго, што маці ўсёй краіны аб'ядналіся з мэтай абароны сваіх дзяцей.