18 траўня 2024, Субота, 2:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы праядаюць валютныя ашчаджанні

4
Беларусы праядаюць валютныя ашчаджанні

Насельніцтва Беларусі падтрымлівае ранейшы ўзровень спажывецкіх выдаткаў за кошт назапашаных валютных ашчаджанняў.

Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Беларусі Дзмітрый Мурын, выступаючы 2 чэрвеня ў Менску на семінары, арганізаваным Даследчым цэнтрам ІПМ.

«Пры істотным зніжэнні даходаў насельніцтва захоўвае сваю звычку да спажывання. Мы бачым, што рэальныя даходы насельніцтва скараціліся больш, чым выдаткі», - канстатаваў Мурын.

З яго слоў, імкненне грамадзян падтрымліваць выдаткі за кошт ашчаджанняў можна бачыць па сітуацыі, якая складваецца на дэпазітным і валютным рынку. «Працягваецца скарачэнне аб'ёму валютных дэпазітаў насельніцтва і павялічваецца сума замежнай валюты, якую насельніцтва прадае. Кожны месяц насельніцтва прадае на 200 млн. даляраў больш, чым купляе», - адзначыў прадстаўнік Нацбанка.

Ён звярнуў увагу на тое, што на продаж насельніцтва накіроўвае ў тым ліку тыя валютныя сродкі, якія не захоўваліся ў банках. «Сярэднямесячны адток валютных укладаў - 100 мільёнаў даляраў, а продаж - 200 мільёнаў даляраў. Такім чынам, яшчэ 100 мільёнаў даляраў насельніцтва дастае, як у нас кажуць, з-пад матраца і марнуе на спажыванне», - сказаў Мурын.

Пры гэтым ён даў зразумець, што верагоднасць павышэння даходаў насельніцтва з улікам складанага фінансавага становішча прадпрыемстваў малая. Згодна з травеньскім апытаннем Нацбанка, арганізацый, якія паведамілі аб зніжэнні попыту на сваю прадукцыю, аказалася на 25% больш, чым тых, якія такой праблемы не назіраюць. «Зніжэнне попыту на прадукцыю арганізацый прыводзіць да таго, што мы бачым сёння павелічэнне колькасці стратных прадпрыемстваў і рост закрэдытаванасці суб'ектаў гаспадарання», - падкрэсліў Мурын.

Ён звярнуў увагу на тое, што запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах сёння практычна ў чатыры разы перавышае іх даходы. «Фінансавае становішча прадпрыемстваў стварае рызыкі для банкаў, праблемныя актывы якіх павялічваюцца», - рэзюмаваў прадстаўнік Нацбанка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках