2 траўня 2024, Чацвер, 20:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыэлтары: У людзей цяпер няма грошай нават на арэнду жылля

13
Рыэлтары: У людзей цяпер няма грошай нават на арэнду жылля

Нават нягледзячы на даволі невысокія кошты арэнды, усё меней беларусаў могуць дазволіць сабе здымаць кватэры.

Уладальнікам кватэр у Менску стала больш складана знаходзіць арандатараў, бо цягам года попыт падаў роўна гэтак жа, як і курс рубля. Акрамя таго, перадумоў для змены сітуацыі пакуль няма, упэўненыя рыэлтары.

Сённяшнія кошты - узровень 2006 года

Рынак арэнды прадаўжае паступова звужацца. Крызіс адбіўся на аплатаздольнасці насельніцтва: кватэры больш не могуць і не хочуць здымаць дорага. У выніку, кватэр шмат, ахвотных іх зняць мала. Сёння суадносіны попыту і прапановы на рыку арэнды адзін да пяці, а раней было ўсё наадварот, піша ej.by.

Пры гэтым аб перанасычанасці рынку асабліва прыкметна ў сегменце аднапакаёвых кватэр. Гэта заўсёды самыя ліквідныя аб'екты, і іх прапанова расце больш актыўна за ўсё. Таму што менавіта іх купляюць пад здачу ў арэнду ў першую чаргу.

Што тычыцца кошту, сёння сярэдні кошт прапановы арэнды аднапакаёвай кватэры ў Менску - 150 даляраў, двухпакаёўкі - прыкладна 200-210 даляраў. Як адзначыла намесніца дырэктара ў арэндзе жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Наталля Радзеня, сёння цана арэнды кватэр у сталіцы ўпала да ўзроўню 2006 года.

Барацьба за жыльца

Рынак дыктуе свае ўмовы, і арэндадаўцы сёння, баючыся страты даходу, стараюцца ўтрымаць арандатараў і ідуць на шэраг саступак. Адны памяншуюць кошт найму, іншыя - паляпшаюць варункі пражывання.

«Сёння арэндадаўцы ідуць на сустрэчу кватэраздымшчыкам у шэрагу пытанняў, - распавёў спецыяліст у арэндзе агенцтва нерухомасці «Мальнар» Міхаіл Рагаўцоў. - Яны таргуюцца, не бяруць вялікай папярэдняй аплаты, бяруць кватарантаў (з дзецьмі, з жывёлінамі), ад якіх год таму яшчэ адхрышчваліся. Таксама цяпер стала лягчэй дамовіцца на паляпшэнне кватэры і камплектацыю мэбляй ці бытавой тэхнікай».

Уладальнік жылля сёння разумее, што на кватэру ўжо не стаіць чарга ахвотных, і чакаць таго, хто здыме кватэру, можна вельмі доўга, што азначае ў першую чаргу для яго страту грошай. Таму большасць з іх аддаюць перавагу кошт знізіць.

Праўда ёсць і такія, якія прадаўжаюць «трымаць кошты», нягледзячы ні на што. У іх выпадках пошук арандатара зацягваецца на доўгія месяцы.

Перадумоў да росту коштаў няма

Мяркуючы з усяго, сітуацыя, што склалася на арэндным рынку жылля, наўрад ці зменіцца ў найбліжэйшай перспектыве. Калі раней другая палова лета заўсёды быў адзначаная сезоннай запатрабаванасцю на здымныя кватэры, абумоўленай пачаткам навучальнага года і прыездам у сталіцу студэнтаў, то сёння ажыўлення попыту не варта чакаць і ў жніўні-верасні.

Са словаў Міхаіла Рагаўцова, ужо як гады два студэнты практычна не ўплываюць на рынак арэнды ў сувязі з пабудовай большай колькасці інтэрнатаў і дэмаграфічнай ямай пачатку 90-х.

Таму галоўнае пытанне, якое цікавіць сёння як уласнікаў, так і арандатараў: што далей будзе з цэнамі арэнды?

Сталічныя рыелтары прытрымліваюцца адзінага меркавання: кошты пакуль расці не будуць. «Перадумоў да росту коштаў на рынку гарадской арэнды на сёння няма, - упэўненая Наталля Радзеня. - Калі макраэканамічны фон у Беларусі застанецца стабільным, той узровень цэн, які ёсць сёння, зафіксуецца хутчэй за ўсё тэрмінам на год».

Агулам, прагнозы экспэртаў такія: разрыў паміж попытам і прапановай захаваецца. Чакаецца, што рынак арэнды пачне аднаўляцца толькі ў тым выпадку, калі ў насельніцтва зноў з'явіцца больш грошай.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках