7 траўня 2024, aўторак, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ уклаў €1 мільён на смеццязавод у Навагрудку, які каштаваў €779 тысяч

30

Куды знікла €221 тысяча?

24 чэрвеня пад Навагрудкам урачыста адкрылі завод па сартаванню смецця. Спонсарам праекта стаў Еўразвяз. З гэтай нагоды ў горадзе спачатку правялі канферэнцыю з удзелам еўрапейскіх чыноўнікаў, а пасля ўдзельнікі наведалі новае прадпрыемства, дзе пагутарылі з журналістамі, інфармуе «Белсат».

Наваградскія мясцовыя ўлады ўжо не першы год працуюць з ЕЗ у лініі экалагічных праектаў. Магчыма, самым вядомым з іх на сёння з'яўляецца серыя ветракоў: у 2011-м усё пачыналася з адной устаноўкі, цяпер іх дванаццаць. Наступнай «зоркай» павінен стаць новы завод сартавання цвёрдых бытавых адкідаў.

На афіцыйнай часткі старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч згадаў пра традыцыі супрацоўніцтва рэгіёну з еўрапейскімі арганізацыямі ў рамках праектаў, звязаных з альтэрнатыўнымі відамі энэргіі. Напрыклад, сйлета ў раёне таксама плануецца запусціць станцыю, якая будзе працаваць на сонечнай энэргіі.

Прадстаўніца дэлегацыі ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын падкрэсліла, што Наваградак - другі беларускі горад, які падпісаў Пакт мэраў, што спрашчае супрацоўніцтва рэгіёну з еўрапейскімі структурамі.

«Я шчаслівы чалавек, таму што прыехала ў Беларусь, калі сітуацыя змянілася», - распавяла Віктарын. - «Калі з'явіліся перспектывы для супрацоўніцтва. Прыярытэтнымі тут будуць праекты, накіраваныя на экалогію і рэгіянальнае развіццё». Прадстаўніца ЕЗ нават пажартавала на адрас старшыні райвыканкама: «Беларусь - частка Еўропы. Вы нават стаіце пад сцягам Еўразыязу!». Сапраўды, сцяг ЕЗ, насуперак пратаколу, быў па баку Анатоля Маркевіча, а Беларусі - бліжэй да Андрэа Віктарын.

Са слоў Алега Шафранскага, кіраўніка абласнога ЖКГ, Навагрудскі раён - узорны ў плане перапрацоўкі адходаў для вобласці. Ажно 50% адходаў тут не давозяць да сметніка, а перапрацоўваюць. Прыярытэтнай, на думку Шафранскага, дагэтуль застаецца ідэалагічная праца з насельніцтвам: людзей трэба вучыць асобна збіраць смецце, пачынаючы са школы.

Куратар праекта ў пераходзе Беларусі да мадэлі «зялёнай эканомікі» Вольга Чаброўская спаслалася на прэзідэнта, які «даў дабро» на канцэпцыю паляпшэння дабрабыту людзей без шкоды для эканомікі.

Чаброўская таксама згадала некаторыя экапраекты, якія рэалізуюцца ў супрацоўніцтве з ЕЗ: вытворчасць дранкі з пнёў і шпал, пабудова лакальных ачышчальных комплексаў, развядзенне глушцоў у Налібоцкай пушчы (кошт аднаго ў Еўропе - 1700 даляраў) і развіццё экатурызму на Свіцязі.

Завод знаходзіцца за 15 хвілінах язды ад цэнтра Навагрудка. Побач з ім - стары палігон для вывазу цвёрдых бытавых адходаў. Анатоль Маркевіч і Андрэа Віктарын урачыста перарэзалі стужку, пасля чаго правялі першую экскурсію па прадпрыемстве. Фактычна, завод - гэта вялікі ангар, дзе сартуюць смецце, а таксама некалькі другасных пабудоў побач.

Падчас экскурсіі чыноўнікі нагадалі, што Наваградак з лютага «вольны ад смеццеправодаў у дамах»: апошні быў завараны ў лютым 2016. Новыя дамы будуюцца ўжо без смеццеправодаў, з кантэйнерамі для раздзельнага збору адходаў у дварах. Абласны кіраўнік ЖКГ таксама выказаўся пра неабходнасць дыферэнцыраваных тарыфаў: чалавек, які сартуе смецце, павінен плаціць за яго вываз менш.

На прадпрыемстве будуць працаваць 12 чалавек, якія будуць займацца толькі ўпарадкаваннем смецця: папера будзе адпраўляцца ў Слонім і Магілёў, шкло ў Баранавічы і г.д. Працаваць прадпрыемства пачне 1 ліпеня.

На заключэнне брыфінгу з журналістамі ўзнікла пытанне кошту завода. Яшчэ ў райвыканкаме Андрэа Віктарын агучыла суму, выдаткаваную Еўразвязам: 1 млн еўраў. Аднак Анатоль Маркевіч упарта казаў пра 779 тысяч еўраў. На пытанне аб розніцы 221 тысячу старшыня райвыканкама так і не даў зразумелага адказу, а прадстаўнік ЕЗ заўважыла, што канцэнтравацца варта не на грошах, а на выніках.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках