Беларусы амаль не чытаюць, затое ад тэлевізара іх не адарваць
66- 26.06.2016, 9:35
- 11,983
Цягам 12 месяцаў у буднія і выходныя дні Белстат падлічваў, на што выдаткоўваюць свой час беларусы.
У даследаванні ўдзельнічалі жыхары ўсіх абласцей і горада Менска ва ўзросце ад 10 гадоў і болей. І вось, што атрымалася – у аглядзе kp.by.
Бізнэс-лэдзі зусім не глядзяць за дзецьмі
Гарадскія жанчыны працуюць 8 гадзінаў і 3 хвіліны, вясковыя – на 16 хвілінаў менш. Але з іншага боку, у вёсцы ж трэба і гарод прапалоць, і курачак пакарміць – і як мы бачым з статыстыкі, на хатнія клопаты вясковыя гаспадынькі выдаткоўваюць на 40 хвілінаў больш. У сярэднім жа на вядзенне гаспадаркі ў беларускіх жанчынаў сыходзяць 4 гадзіны 36 хвілінаў на дзень.
Бізнэс-лэдзі зусім мала часу аддаюць выхаванню дзяцей – усяго толькі 11 хвілінаў на дзень?! Гэта ў 5 разоў менш, чым малазабяспечаныя жанчыны. Лічбы тут, вядома, умоўныя – бо ў разлік браліся сем'і з дзецьмі і без дзяцей. Але праўда ў гэтым ёсць: часта недахоп любові ў такіх сем'ях кампенсуюць дарагімі цацкамі, на якія мама зарабіла. Бо працуюць багатыя беларускі ў 2 разы даўжэй за небагатых. Мамы сярэдняга прыбытку выдаткоўваюць на дзяцей амаль 2,5 гадзіны на дзень.
Пры гэтым у адрозненне ад сярэднестатыстычных беларусаў забяспечаныя спяць на 45 хвілінаў менш. Усе астатнія беларусы спяць прыкладна аднолькава: блізу 9 гадзінаў на суткі, у выходныя атрымліваецца паспаць на гадзінку больш. Нешта, вядома, мала верыцца: не ведаю людзей, якія адпачываюць дзевяць гадзінаў у будні дзень... Але калі браць «сярэднюю тэмпературу па палаце», тады так!
Бедныя працуюць у два разы менш за багатых
Мужчыны, як гэта ў нас прынята, працуюць на гадзіну больш за жанчынаў, а хатнімі справамі займаюцца ў два разы менш. Вольнага часу ў мужчыны таксама больш на гадзіну – цэлых 5 гадзінаў. Яшчэ б: бо на мыццё посуду сыходзіць усяго толькі 4 хвіліны, на прыбіранне – 8, а на выхаванне дзяцей – 6.
Затое ў кампутарныя гульні сярэдні беларус гуляе 34 хвіліны на дзень, а на адпачынак у тэлевізара марнуе больш за 2 гадзіны, у выходныя амаль 3 гадзіны. Самыя зацятыя аматары «тэлевізара» – пенсіянеры-мужчыны: яны ў сярэднім праводзяць ля «скрынкі» 3 гадзіны 19 хвілінаў на дзень. Дарэчы, у багатых мужчынаў вольнага часу менш на гадзіну, бо яны працуюць больш за бедных. Цікава, што блізу 95% беларусаў засынаюць паміж 22.00 і 24.00, і толькі блізу 5% не спяць амаль усю ноч.
Падлеткі вучацца і гуляюць у кампутарныя гульні
Не дзіўна, што дзеці ад 10 да 15 гадоў выдаткоўваюць вялікую частку свайго часу на навучанне, забавы і сон. Паспаць любяць больш за дарослых – амаль 10 гадзінаў у суткі. Тэлевізар дзеці глядзяць менш за дарослых амаль у два разы. Ну, а не пагуляць у кампутарныя гульні – і зусім моветон у тынэйджараў. Прычым і дзяўчаткі, і хлопчыкі захапляюцца гэтым амаль аднолькава: маленькія лэдзі – 1 гадзіна 15 хвілінаў, юнакі – 1 гадзiна 57 хвілінаў. Для параўнання дарослыя дамы «гуляюцца» 14 хвілінаў на дзень. А вось посуд падлеткі мыюць ад 3 да 6 хвілінаў, а ў кватэры прыбіраць не больш за 15 хвілінаў. Дарэчы, дзяўчаткі за домам сочаць у 2 разы больш за хлопчыкаў ужо з юных гадоў. І дзе такіх дзяцей знайсці, каб кожны дзень прыбіраць 15 хвілін?!
Цікава:
1. Беларусы – нацыя, якая зусім не чытае: жанчыны бяруць у рукі мастацкую літаратуру на 9 хвілінаў за дзень, мужчыны – на 6 (сярэдні паказнік). Больш за ўсё нацыя любіць адпачываць дома, лежачы на канапе ля тэлевізара.
2. Незамужнія беларускі даглядаюць за сабой на 5 хвілінаў даўжэй, чым тыя, што ў шлюбе.
3. Жанатыя пары размяркоўваюць хатнія абавязкі так: 70,7% – ляжыць на плячах жанчыны, 29,3% – на мужчыну.
4. Калі беларусы адпачываюць па-за домам, то самы папулярны від рэлаксу сярод працоўных асобаў і пенсіянераў – гэта рэстараны, бары, кавярні; сярод дзяцей ад 10 да 15 гадоў – паходы ў бібліятэку (вось бацькі здзівяцца!) і кінатэатры.
5. 41,2% жанчынаў і 32,9% мужчынаў адмаўляюцца ад падарожжаў праз нястачу грошай.
6. Рэлігійныя храмы наведваюць 75,1% беларускіх жанчынаў і 45,5% мужчынаў.