З рахункаў кліентаў «Беларусбанка» знікаюць грошы
100- 3.06.2016, 14:43
- 24,771
Кліенты «Беларусбанка» скардзяцца на незразумелыя спісанні грошай з картак.
Літаральна з 12:00 трымальнікі картак аднаго з найбуйнейшых банкаў краіны сталі заўважаць, што з іх рахункаў кудысьці знікаюць грошы, піша onliner.by. «Прычым такое не толькі з карткамі адной сістэмы, спісваюцца грошы і ў тых, хто карыстаецца MasterCard, і ў каго Visa», - распавёў чытач Юрый.
- Што адбываецца з аплатнымі карткамі «Беларусбанка»? У маіх калегаў знялі блізу 4 мільёнаў. Карткі ўваходзяць у мінус. Да службы падтрымкі не датэлефанавацца, мабыць, гэта масава, - піша на форуме карыстальнік з нікам АндрэйХалк.
- У «Беларусбанка» нейкі збой, - патэлефанаваў у рэдакцыю чытач Юрый. - Дзесьці з 12:10 у мяне і маіх калегаў сталі знікаць грошы з картак. Да прыкладу, у мяне было крыху больш за мільён - 1 091 265 рублёў, а стала -579 935. І такая ж сітуацыя ў многіх маіх знаёмых. Хоць карткі розныя: у кагосьці Visa, у кагосьці MasterCard, у кагосьці Maestro і гэтак далей. На афіцыйным сайце банка ніякай інфармацыі, апошняя навіна ад 2016/06/01 аб дэпазітах. У кол-цэнтры мне толкам нічога не адказалі, а потым і зусім увесь час было занята.
- Стаяла ў банку, са мной яшчэ 15 чалавек. І ва ўсіх адна праблема - зніклі грошы з картак, - піша жыхарка Бабруйска Вольга. - Камусьці пашанцавала - і гэта маленькая сума. Асабіста ў мяне знікла 600 тысяч. У банку заявы не бяруць, менскія тэлефоны банка цалкам занятыя.
Праз паўгадзіны званкоў журналістам удалося датэлефанавацца ў кол-цэнтр банка.
- Паважаныя кліенты, цяпер назіраюцца памылкі балансу аплатных карт, - гаворыцца ў аўтаматычным паведамленні. - Вядуцца работы для іх ліквідацыі. Прыносім прабачэнні за дастаўленыя нязручнасці.