3 траўня 2024, Пятніца, 13:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП: «Дзяржаўны рэкет» натхняе на масавы пратэст

53

Сёння кожнаму з малых прадпрыемцаў пагражае банкруцтва.

Ордэн Айчыны трэцяй ступені атрымаў днямі старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік з рук Аляксандра Лукашэнкі. Так кіраўнік Беларусі ацаніў выдатныя дасягненні Дворніка у грамадскай дзейнасці, накіраванай на павышэнне дабрабыту грамадзян і ўмацаванне магутнасці краіны, перадае «Белсат».

А пакуль у Менску раздавалі ордэны, у Мазыры пачалі збіраць подпісы пад зваротам на імя таго ж Уладзіміра Дворніка. Кіраўніка вобласці просяць звярнуць увагу на бядотны стан, у якім апынуліся індывідуальныя прадпрымальнікі Гомельшчыны, і не ігнараваць справу Таццяны Дупанавай.

«Мы ўсе ў жалобе аб трагічна загінулым чалавеку, жыхарцы Гомеля Таццяне Дупанавай, прадпрымальніцы. Мы трапім у такую сітуацыю ў выпадку, калі кантрольныя органы пачнуць праверкі. Эканамічны крызіс, які ўпарта замоўчвалі перад прэзідэнцкімі выбарамі, усё грамадства і мы, прадпрымальнікі, адчулі на сабе», - адзначае Валерый Баркавец з прафзвязу «Садружнасць».

Аб Таццяне Дупанавай цяпер размаўляюць на базарах Беларусі. Гомельская прадпрымальніца выскачыла з 8-га паверха за дзень да суда. Незадоўга да смерці ў яе канфіскавалі тавар на вялікую суму, далі надмерныя штрафы нібыта за парушэнне правілаў гандлю.

«Асабіста я ўжо на граніцы, каб тое ж самае ўчыніць. Але мне гэта не дае зрабіць дзіця, дзеля якога я павінна жыць сёння», - дзеліцца Святлана Раманава, мазырская прадпрымальніца.

Пасля трагічнай смерці прадпрымальніцы праверкі з канфіскацыяй, якія прадпрымальнікі называюць «дзяржаўным рэкетам», працягваюцца з той жа інтэнсіўнасцю. І кожнаму з малых прадпрыемцаў пагражае банкруцтва.

«Заходзілі на базар, ішлі на нейкі пэўны пункт. Калі дакументаў не стае, то канфіскоўвалі, неслі торбамі тавар», - распавядае Ірына Крукава, мясцовая гандлярка.

«Мы стаім і дрыжым - што далей будзе? І гэта не жыццё, гэта не праца. Мы людзі. Мы беларусы. Мы народ, пра які так клапоціцца наш урад у газэтах ці на словах. Хай яны клапоцяцца напраўду», - кажа Валеры Філін.

У Мазыры 200 подпісаў сабралі за дзень. Далей збіраць подпісы будуць не толькі ў суседніх гарадах Гомельскай вобласці, а ва ўсёй Беларусі, каб улады ў варунках крызісу не ўжывалі законы і ўказы, якія папросту забіваюць прадпрымальніцтва.

«Выканаць умовы, названыя ў 222-м указе і ў 48-м, нам практычна немагчыма», - прызнаецца ІП Павел Калесніковіч.

Учора ў «палаце прадстаўнікоў» у другім чытанні прынялі папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс і знізілі штрафы за парушэнне тэхнічных рэгламентаў Мытнага і Еўразійскага эканамічнага саюза. Але канфіскацыя 100% тавару за адсутнасць сэртыфікатаў у індывідуальных прадпрымальнікаў «дэпутаты» пакінулі.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках