Замежнікам стане прасцей атрымаць меддапамогу ў Польшчы
- 27.07.2016, 15:22
- 5,276
Міністэрства аховы здароўя Польшчы анансавала, што з 1 студзеня 2018 года замест Нацыянальнага фонду аховы здароўя будзе створаны Дзяржаўны мэтавы фонд.
Міністр аховы здароўя Польшчы Канстанты Радзівіл анансаваў, што з 1 студзеня 2018 года замест Нацыянальнага фонду аховы здароўя (НФЗ) будзе створаны Дзяржаўны мэтавы фонд, паведамляе «Радыё Польшча».
Згодна з новай мадэллю базавай медыцынскай дапамогі ў грамадскай сістэме аховы здароўя доступ да яе будуць мець усе грамадзяне Польшчы, а таксама рэзідэнты краіны.
«Гэта значыць, кожны чалавек, які будзе мець патрэбу ў медыцынскай дапамозе, яе атрымае», - сказаў польскі міністр.
Канстанты Радзівіл адзначыў, што сродкі на ахову здароўя ў Дзяржаўны мэтавы фонд «будуць паступаць з крыніцы, якую мы сёння называем усеагульным медыцынскім страхаваннем».
Міністр таксама адзначыў, што сістэма ўсеагульнага страхавання «расчароўвае ўсё больш яе ўдзельнікаў, як пацыентаў, так і тых, хто працуе ў сістэме аховы здароўя».
Таксама Канстанты Радзівіл абвясціў аб ліквідацыі Нацыянальнага фонду аховы здароўя і рэканструкцыі ўстаноў, адказных за арганізацыю аплаты медыцынскай дапамогі. НФЗ будзе заменены на Дзяржаўны фонд, які будзе «гарантаваным у дзяржаўным бюджэце».
Рэсурсы на ахову здароўя на цэнтральным узроўні будзе адміністраваць міністр аховы здароўя, а на рэгіянальным - філіялы пры ваяводах.
Са словаў міністра, значная арганізацыйная рэформа сістэма аховы здароўя павінна прывесці да адмовы ад сістэмы медыцынскага страхавання.