1 траўня 2024, Серада, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча адзначае гадавіну пачатку Варшаўскага паўстання

6
Польшча адзначае гадавіну пачатку Варшаўскага паўстання
Архіўныя фота PAP/JACEK TURCZYK

Варшаўскае паўстанне было адной з найбуйнейшых бітваў польскага войска падчас Другой сусветнай вайны.

Цырымоніяй ля помніка воінам аддзела «Жывіцель» Арміі Краёвай у варшаўскім раёне Жалібаж (Żoliborz) 29 ліпеня пачнуцца цэнтральныя ўрачыстасці з нагоды 72-годдзя пачатку Варшаўскага паўстання, паведамляе «Радыё Польшча».

Варшаўскае паўстанне пачалося 1 жніўня 1944 году ў рамках развіцця аперацыі «Бура», плана агульнанацыянальнага захопу ўлады ў краіне, напярэдадні савецкага наступу. Асноўнай мэтай паўстанцаў было выцясненне нямецкіх акупантаў з горада і падтрымка далейшай барацьбы супраць гітлераўскай кааліцыі. Пабочнай палітычнай задачай з'яўлялася імкненне вызваліць Варшаву да падыходу савецкіх войскаў, каб падкрэсліць незалежнасць польскай дзяржавы, прывесці да ўлады падпольны ўрад у выгнанні і не дапусціць устанаўлення савецкай улады.

Улічваючы досвед з усходу і асцярогі, што баі ў Варшаве будуць пазначаць разбурэнне горада і страты грамадзянскага насельніцтва, паўсталі сумневы, ці варта ахапіць яе акцыяй «Бура». Перамагло перакананне, што бітва за Варшаву мае значэнне не толькі ваеннае, але таксама і палітычнае, акрамя таго ўлічвалася эмацыянальнае напружанне, якое панавала сярод жыхароў сталіцы і велізарнае жаданне жаўнераў Арміі Краёвай змагацца з акупантам.

Канчаткова загад аб пачатку паўстання ў Варшаве быў выдадзены 31 ліпеня, калі перадавыя атрады Чырвонай Арміі набліжаліся да размешчанага на ўсходнім беразе Віслы раёну Прага. Да акцыі, якая пачалася пасля абеду 1 жніўня - пад камандаваннем каменданта варшаўскай вобласці палкоўніка Антанэга Хрустэля (псеўданім «Манцёр») - прыступілі прыблізна 23 тысячы жаўнераў АК, з якіх толькі частка была ўзброеная. Хоць цягам першых дзён баёў паўстанцы ўзялі шмат стратэгічна важных аб'ектаў і з часам колькасць паўстанцаў павялічвалася (усяго змагаліся блізу 34 тысяч жаўнераў) - яны не змаглі цалкам выцесніць немцаў з цэнтра горада, а таксама авалодаць галоўнымі камунікацыямі і мастамі.

16-тысячны нямецкі гарнізон быў моцна падмацаваны, і 5 жніўня немцы пачалі контратаку з дапамогай танкаў, цяжкай артылерыі і ўдарнай авіяцыі. У першым з узятых раёнаў (Воля) было ўчыненае масавае забойства жыхароў, яно паўтарылася яшчэ некалькі разоў. Атакуючыя нямецкія калоны падзялілі Варшаву на «паўстанцкія выспы», паміж якімі ўтрымлівалася сувязь праз пераходы ў скляпах і праз падземныя камунікацыі. На гэтай тэрыторыі ўладу захапіла польская адміністрацыя, выдаваліся газеты, дзейнічала радыё і гарадскія службы.

Прадугледжвалася, што баі будуць прадаўжацца некалькі дзён, то бок, да прыходу Чырвонай Арміі, але напярэдадні 8 жніўня Сталін - нягледзячы на заклікі прэм'ера ўрада Польшчы ў выгнанні, які з 31 ліпеня знаходзіўся з візітам у Маскве - даў загад аб спыненні наступальных дзеянняў у раёне Варшавы. Ён не пагадзіўся нават на пасадку хаўрусніцкіх транспартных самалётаў на савецкіх аэрадромах, што практычна зрабіла немагчымым пастаўляць дапамогу паветраным шляхам, бо найбліжэйшыя вайсковыя базы знаходзіліся на поўдні Італіі і ў Вялікай Брытаніі. Толькі ў сярэдзіне верасня, калі паўстанне набліжалася да сканчэння, быў магчымы масавы скід, з якога паўстанцы перахапілі толькі 47 тон. Баі прадаўжаліся, расла колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва, не хапала прадуктаў харчавання, медыкаментаў і вады. Гэтую сітуацыю не змяніла ні ўзяцце Чырвонай Арміяй Прагі, ні - няўдалыя - спробы Войска Польскага пад камандаваннем генерала Берлінга ўзяць плацдармы ў Варшаве. 2 кастрычніка паўстанцы капітулявалі.

Варшаўскае паўстанне было адной з найбуйнейшых бітваў польскага войска цягам Другой сусветнай вайны: загінулі 10 тысяч паўстанцаў, 7 тысяч прапалі без вестак; значныя страты панеслі немцы - загінулі блізу 10 тысяч жаўнераў, прыблізна 6 тысяч прапалі без вестак, нямецкія войскі страцілі 300 танкаў, гармат і бронеаўтамабіляў.

Паўстанне не дасягнула мэтаў, але для чарговых пакаленняў палякаў стала сімвалам мужнасці і рашучасці ў змаганні за незалежнасць краіны.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках