26 красавiка 2024, Пятніца, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Ярмошына разумее, што з'яўляецца суўдзельніцай злачынства

24
Зміцер Бандарэнка: Ярмошына разумее, што з'яўляецца суўдзельніцай злачынства
Зміцер Бандарэнка

Каб не дапамагаць уладзе, апазіцыйныя кандыдаты павінны зняцца з «выбараў» пасля 2 верасня.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- У Беларусі праходзіць так называемая «выбарчая кампанія». Частка апазіцыі адмовілася ўдзельнічаць у гэтым выбарчым фарсе, але некалькі дзясяткаў кандыдатаў ад апазіцыі былі зарэгістраваныя і ўдзельнічаюць у «выбарах» з зараней вядомым вынікам. Навошта яны гэта робяць?

- Частка апазіцыянераў надумала ўдзельнічаць у гэтай кампаніі з розных матываў. Адзін з матываў можна зразумець - гэта выкарыстанне больш «ліберальных» умоў для правядзення інфармацыйных кампаній. Удзельнічаюць для таго, каб распавядаць людзям пра сваю партыю, пра альтэрнатыўныя праграмы, выкарыстоўваюць «выбары» для крытыкі ўладаў.

Але гэта будзе мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі пасля выкарыстання эфірнага часу на тэлевізіі ды радыё, гэтыя кандыдаты пасля 2 верасня здымуцца.

Цяпер існуе вялікая небяспека прызнання «палаткі» легітымнай, бо лабісты Лукашэнкі і Пуціна за мяжой робяць усё, каб адбылася легітымізацыя менавіта гэтага органа. І гэтага ні ў якім разе нельга дапусціць.

Вялікая адказнасць таму ляжыць на такіх вядомых партыйных лідарах як Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі. Бо яны, камунікуюць з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, вельмі добра разумеюць, да чаго ўсё ідзе. Яны павінны зрабіць усё, каб прадстаўнікі іхніх партый ды арганізацый зняліся з «выбараў» і не дапамагалі легітымізацыі псеўдапарламенту.

- Днямі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына зрабіла скандальную заяву, маўляў, некаторыя прадстаўнікі апазіцыі хочуць сарваць выбарчую кампанію. І нават прагучалі наўпроставыя пагрозы, накшталт «турма іх нічому не навучыла». Вы самі прасядзелі ў турме паўтара года пасля «выбараў» 2010 года. Якія пачуцці ў вас выклікалі словы кіраўніцы ЦВК?

- У Ярмошынай агаворка па Фрэйду. Яна як юрыст выдатна разумее, што сама з'яўляецца шматгадовай суўдзельніцай злачынства, якое паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі расцэньваецца як вельмі цяжкае, а менавіта незаконнае ўтрыманне ўлады. Згодна з артыкулам 357 КК РБ гэта злачынства прадугледжвае пакаранне аж да смяротнай кары. І Ярмошына, натуральна, асцерагаецца, што ўсялякія пратэсты ва ўмовах эканамічнай катастрофы, якая здарылася ў Беларусі праз некампетэнтныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі, могуць перарасці ў масавыя пратэсты. І тады Ярмошынай і ўсёй гэтай хеўры давядзецца адказваць перад законам менавіта паводле гэтага артыкулу.

- Які Ваш прагноз на акцыю 12 верасня, аб правядзенні якой абвясціў Мікалай Статкевіч?

- Статкевіч як лідар робіць усё магчымае ў гэтай сітуацыі. Ён дэманструе мужнасць і паступае лагічна. Калі людзі не пратэстуюць, значыць, яны згодныя быць рабамі гэтага рэжыму. Калі людзі мяркуюць, што гэта псеўдавыбары, што гэта фальсіфікацыі, што гэта парушэнне Канстытуцыі, значыць, яны павінны выходзіць пратэставаць або з'язджаць з краіны, а не шаптацца на кухнях: «Якое цяжкае маё жыццё».

Я думаю, што на акцыю з патрабаваннем правядзення новых свабодных выбараў пад міжнародным кантролем прыйдуць людзі, у якіх ёсць пачуццё ўласнай годнасці і самапавагі. Мяркую, што тысячы чалавек возьмуць удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы пад лозунгам «За свабодныя выбары!».

- Надоечы вядомы публіцыст Сяргей Дубавец напісаў артыкул аб «прэзідэнцкіх выбарах» 2010 года, дзе фактычна назваў Плошчу правакацыяй. Гэта выклікала рэакцыю адхілення і пратэсту ў людзей, асабліва былых палітвязняў. У наступным артыкуле ён выказаў падтрымку нерукапаціскальным Дзмітрыеву і Раманчуку, адзначыўшы, што яму ўсё адно, ці з'яўляюцца яны агентамі КДБ, галоўнае, што выступаюць за так званыя «мірныя перамены». Як можна растлумачыць гэтую страту маральных арыенціраў?

- Тое, што сёння Дубавец апынуўся ў кампаніі Дзмітрыева і Раманчука, гэта лагічнае развіццё маральнага дрэйфу таленавітага чалавека. Але ніякім баязліўцам і здраднікам не атрымаецца перагледзець вынікі Плошчы 2010 года. Плошчы, якая паказала сілу беларускай апазіцыі, імкненне беларусаў да свабоды, якая атрымала падтрымку ў шмат каго з прыстойных людзей ва ўсім свеце.

Менавіта дзякуючы Плошчы пра Беларусь даведаўся ўвесь свет. Пра яе герояў і тыя падзеі пісалі вядучыя сусветныя СМІ, былі зняты дзясяткі дакументальных фільмаў, пастаўлены спектаклі, напісана некалькі кніг, і нават зняты першы пра сучасную Беларусь мастацкі фільм «Жыве Беларусь!».

І яшчэ хачу сказаць такую рэч: дапамагаюць і падтрымліваюць тых, хто сам нешта робіць, хто змагаецца за свае правы. Пасля Плошчы ў разы была павялічаная падтрымка медыяў, грамадзянскай супольнасці Беларусі, праваабарончых арганізацый, культурных і адукацыйных праектаў. Дзякуючы Плошчы сотні маладых беларусаў здолелі вучыцца ва ўніверсітэтах Польшчы і свету. Я як адзін з удзельнікаў і арганізатараў гэтай акцыі, толькі ганаруся тым, што меў дачыненне да гэтага значнай падзеі ў сучаснай гісторыі Беларусі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках