26 красавiка 2024, Пятніца, 22:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нашы грошы знікаюць у нікуды»

14
«Нашы грошы знікаюць у нікуды»
Фото с сайта bishkek.all.biz

Ашуканыя дольшчыкі выйшлі на мітынг у Менску.

Увечары 27 жніўня ў сталічным парку Дружбы народаў адбыўся дазволены ўладамі мітынг грамадскай ініцыятывы «Ашуканыя дольшчыкі», якая аб'яднала незадаволеных удзельнікаў долевага будаўніцтва жылля па ўсёй Беларусі.

Як паведамляе БелаПАН, у акцыі бралі ўдзел некалькі дзесяткаў жыхароў Менска, Бараўлян (Менскі раён), Полацка і іншых гарадоў краіны. Некаторыя з іх распавялі свае гісторыі, звязаныя нядобрасумленнасцю прыватных і дзяржаўных кампаній-забудоўшчыкаў, якія зрываюць тэрміны здачы жылля і ў аднабаковым парадку змяняюць умовы дамоваў, з чыноўнікамі, што лабіруюць інтарэсы беларускіх і замежных будаўнічых кампаній, а таксама з несправядлівымі пастановамі судоў.

Абмеркаванне праблем доўжылася блізу двух гадзін, пасля чаго яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, дзе падкрэслілі, што «праблемы ў будаўніцтве жылля носяць занадта відавочны характар».

«На сённяшні дзень дольшчыкі не могуць абараніць свае правы, бо нават у судах фактычна заўсёды выносяцца пастановы на карысць забудоўшчыкаў. Дольшчыкі пазбаўленыя магчымасці атрымання дакладнай інфармацыі аб кошце набываючых плошчаў і яе фармаванні», - гаворыцца ў дакуменце.

Удзельнікі мітынгу хочуць перамоваў з уладамі з нагоды ўдасканалення заканадаўства ў галіне долевага жыллёвага будаўніцтва, і ў іх ёсць канкрэтныя прапановы. Акрамя таго, дольшчыкі хочуць прыцягнуць увагу пракуратуры да кампаніяў-парушальнікаў.

Аўтары рэзалюцыі запатрабавалі, каб органы ўлады, якія рэгіструюць дамовы з парушэннем заканадаўства, «неслі рэальную адказнасць, суадносную са шкодай, прычыненай іх халатнасцю пацярпелым дольшчыкам».

«Неабходна, каб Вярхоўны суд абагульніў судовую практыку для аднастайнага разгляду судовых спраў у долевым будаўніцтве, разгледзеў на пленуме і прыняў адпаведную пастанову», - адзначаецца ў рэзалюцыі.

Удзельнікі мітынгу таксама запатрабавалі ад Лукашэнкі «звярнуць увагу на вялікую колькасць парушэнняў і адкрытае заступніцтва органаў улады забудоўшчыкам».

«Парушэнне заканадаўства аб долевым будаўніцтве дазваляе арганізоўваць схемы крадзяжу і карупцыі. Грошы дольшчыкаў часта знікаюць у нікуды», - гаворыцца ў рэзалюцыі.

Яе аўтары просяць прэзідэнта даручыць Генпракуратуры даць прававую ацэнку дзеянням праблемных забудоўшчыкаў, а па выяўленні карупцыйнай дзейнасці ў сферы долевага будаўніцтва - даручыць разабрацца КДБ і Камітэту дзяржкантролю.

Ініцыятыўная група «Ашуканыя дольшчыкі» таксама запатрабавала асабістай сустрэчы з Лукашэнкам для абмеркавання праблем.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках