2 траўня 2024, Чацвер, 21:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Бярэсці кажаны залятаюць на гаўбцы і ў кватэры

10
У Бярэсці кажаны залятаюць на гаўбцы і ў кватэры
ФОТА: RIA.RU

Жыхароў горада іх з'яўленне звычайна палохае.

«Я жыву ў шматкватэрным доме на Набярэжнай. Ужо не раз здаралася, што да мяне на гаўбец і ў кватэру заляталі кажаны. Я так разумею, што яны начуюць дзесьці на даху дома», – апавядае берасцеец Ігар.

Рукакрылыя сапраўды цяпер масава селяцца ў горадзе. І гэтай з'яве ёсць тлумачэнне, піша «Вячэрні Брэст».

– У Бярэсці цягам верасня – кастрычніка жыхары горада могуць сустрэць кажаноў у жылых дамах, на гаўбцах, гарышчах і ў падвалах. Гэта звязана з тым, што жывёлы цяпер лятуць праз паўднёвы захад Беларусі на зімоўку ў Італію, Нямеччыну, Францыю і іншыя краіны Еўропы. Але паколькі шлях далёкі, кажанам патрэбны часовы прыстанак для адпачынку. Нярэдка яны садзяцца на дрэвы, дахі дамоў і гаўбцы, – тлумачыць старшы выкладчык кафедры заалогіі і генетыкі БрДУ імя Пушкіна Марыя Дзямянчык.

Кажаны ў Бярэсці не рэдкасць. Праўда, часцей за ўсё яны ўсё-такі жывуць на тэрыторыі закінутых будынкаў. Да прыкладу, шмат кажаноў зімуе ў сырых тунэлях фартоў. Але вось у жылых дамах яны нячастыя госці. Таму жыхароў горада іх з'яўленне звычайна палохае.

– Нярэдка берасцейцы знішчаюць кажаноў. Абліваюць кіслатой ці бензінам і падпальваюць. Адны людзі самастойна спрабуюць выгнаць жывёлаў са свайго дома, іншыя – па дапамогу звяртаюцца ў МНС, хоць гэта не ў іхняй кампетэнцыі, – апавядае намеснік дырэктара Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзямянчык.

Такая агрэсія да рукакрылых з боку людзей, на жаль, вытлумачальная: вонкава кажаны выглядаюць страшнавата, ды і асацыююцца яны з адмоўнымі персанажамі і пераносчыкамі заразы. Але, як кажа Марыя Дзямянчык, гэта цалкам бяскрыўдныя істоты.

– Кажаны не з'яўляюцца разносчыкамі вірусаў і хваробаў. І ні разу за сваю навуковую дзейнасць я не чула, каб яны камусьці садзіліся на галаву або хаваліся ў валасах. Кажаны не пашкоджваюць сцены, мэблю і іншае хатняе начынне, не ядуць вопратку, кнігі, прадукты харчавання. Яны не толькі бяскрыўдныя, але і карысныя: нішчаць масу насякомых-шкоднікаў і насякомых-крывасмокаў, вылучаюць рэчывы, якія адпужваюць пацукоў і хатніх мышэй.

Баяцца кажаноў не варта. Але калі вас не задавальняе іхняе суседства, гэтае пытанне можна лёгка ўладзіць без жорсткіх мераў. Можна патэлефанаваць спецыялістам, якія прыедуць і забяруць гэтых жывых істотаў (паслуга абсалютна бясплатная). За канец жніўня – пачатак верасня па дапамогу да спецыялістаў звярнуліся пяць жыхароў Бярэсця і Берасцейскага раёна.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках