26 красавiка 2024, Пятніца, 5:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Беларусь ператвараецца ў краіну пенсіянераў, якія працуюць

34
Як Беларусь ператвараецца ў краіну пенсіянераў, якія працуюць

Паводле афіцыйнай статыстыкі, 25% беларусаў пасля выхаду на пенсію застаюцца працаваць.

Асабліва значная частка людзей застаецца ў галіне адукацыі і сацыяльнага абслугоўвання.

«Пенсія маленькая. Пакуль ногі носяць, трэба працаваць». Так, пры выхадзе на пенсію вырашаюць сотні тысяч беларусаў. У тым ліку праз нежаданне пакідаць соцыум і сыходзіць у самотнае жыццё, але ў першую чаргу – з эканамічных прычынаў, паведамляе «Белсат».

«Я рада, што працую, – кажа пенсіянерка Ніна Соцына. – Таму што цяпер цяжкае жыццё, цэны вельмі высокія, калі прыходзіш у краму, то паходзіш, паходзіш, паглядзіш і пойдзеш далей».

Ніна Соцына працуе карэктарам у газеце «Народная воля» ўжо больш за 20 гадоў. Дзякуючы працы і заробку можа дапамагаць сыну ў выхаванні ўнука. Ніна Андрэеўна кажа, што без працы ёй было б вельмі самотна ў сваёй кватэры.

«Я працую сярод калектыву, у нас вельмі дружны калектыў, я сустракаюся з маладымі людзьмі і мне гэта надае шмат энэргіі», – кажа Ніна Андрэеўна.

Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, працоўную актыўнасць захоўвае кожны чацвёрты пенсіянер – гэта больш за 665 тысяч чалавек з агульнага ліку больш за 2,5 млн чалавек. Прычым за год гэты паказчык павялічыўся прыблізна на 15 тыс.

Характэрна, што сярод пенсіянераў, якія працуюць ўдвая больш жанчын.

Восенню ў СМІ з'явілася неафіцыйная інфармацыя аб магчымым зразанні на 40% пенсій тым, хто працягвае працаваць. У Міністэрстве працы сцвярджаюць, што такіх мер у планах няма. Цяпер абмежаванні ў выплатах тычацца тых пенсіянераў, якія працуюць, хто ў мінулым меў высокі заробак, каэфіцыент якога перавышае адну цэлую і тры дзесятых.

«Пенсіянер, які працуе, яшчэ плаціць усе падаткі. Але ні падаткі, ні стаж далей не залічваюцца гэтаму пенсіянеру, які працуе», – кажа Таццяна Зялко, старшыня грамадскага аб'яднання пенсіянераў «Наша пакаленне».

На думку эканамістаў, беларуская пенсійная сістэма – адна з самых неэфектыўных ў свеце, і патрабуе карэнных зменаў.

«Аплачваюць пенсіі тыя, хто працуе. Грошы проста вось даюць тыя, хто зараз працуе, яны вам даюць грошы на тое, каб пенсіянеры жылі. З гэтым трэба заканчваць. Пенсія павінна быць назапашвальнай, у вас павінен быць капітал», — кажа эканаміст Леанід Заіка.

Збіраць такі капітал дазваляюць спецыяльныя пенсійныя фонды. Намераў перайсці на такую сістэму, нават на фоне прагнозаў усё большага старэння насельніцтва, улады не выказваюць. Беларусы ж застаюцца закладнікамі мізэрных выплат – сярэдні паказчык пенсіі ў снежні склаў блізу 300 рублёў.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках