5 траўня 2024, Нядзеля, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцыйна: У беларусаў сапраўды правяраюць пашпарты ў аэрапортах РФ

15
Афіцыйна: У беларусаў сапраўды правяраюць пашпарты ў аэрапортах РФ

Ці стане часовая мера пастаяннай нормай, залежыць ад дамоўленасцяў паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін.

У грамадзян Беларусі, якія прыбываюць у расейскія аэрапорты, пачалі правяраць пашпарты. Ці стане пашпартны кантроль сталым, залежыць ад дамоўленасцяў паміж міністэрствамі замежных спраў Расеі і Беларусі, заявілі БелаПАН у расейскай памежнай службе.

Беларусы, якія прыбываюць на самалёце з Менска ў Маскву, паведамляюць у сацсетках, што расейскія памежнікі сталі правяраць у іх пашпарты, хоць рэйс лічыцца ўнутраным і раней такіх праверак не было. У выніку пасажыры вымушаныя больш часу праводзіць у аэрапорце.

Як патлумачылі журналістам у памежнай службе ФСБ Расеі, гэта часовая мера, звязаная з тым, што зафіксавана шмат парушэнняў пры перасячэнні мяжы з Беларусі. Грамадзяне трэціх краін заўсёды павінны былі праходзіць пашпартны кантроль, растлумачылі ў памежнай службе. Паколькі ў натоўпе пасажыраў складана выявіць, у каго беларускі пашпарт, а ў каго — замежны, правяраюцца ўсе пасажыры, якія прыбываюць з Беларусі ў Расею.

Ці стане пашпартны кантроль у расейскіх аэрапортах сталым, залежыць ад дамоўленасцяў паміж міністэрствамі замежных спраў Расеі і Беларусі. Зараз гэтае пытанне разглядаецца на ўзроўні замежнапалітычных устаноў, паведамілі ў расейскай памежнай службе.

Там таксама запэўнілі, што гэтая мера не звязана з увядзеннем Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму для замежнікаў (згодна з указам Лукашэнкі ад 9 студзеня для грамадзян 80 краін, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт Менск, з 12 лютага будзе дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым).

Намеснік прэс-сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў, што з беларускага боку такіх новаўвядзенняў няма. «У Нацыянальным аэрапорце Менск пашпартны кантроль грамадзян Беларусі і Расеі на ўнутраных рэйсах па-ранейшаму не ажыццяўляецца, памежнікі працуюць у штатным рэжыме», — сказаў ён.

У МЗС Беларусі сітуацыю не каментуюць.

Наземны кантроль на беларуска-расейскай мяжы быў больш жорсткім з лістапада 2016 года. Замежнікам, фактычна, забаранілі транзітам накіроўвацца з Беларусі ў Расею — яны могуць патрапіць туды толькі праз міжнародныя пункты пропуску. На мяжы паміж Беларуссю і Расеяй такіх няма, таму замежным турыстам застаецца ехаць у аб'езд праз Латвію ці праз пункт пропуску «Новыя Юркавічы» ў Бранскай вобласці, які мае статус міжнароднага, бо знаходзіцца на стыку межаў Беларусі, Украіны і Расеі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках