28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Музыкі «Бі-2» перасталі выходзіць на сувязь

14
Музыкі «Бі-2» перасталі выходзіць на сувязь

Сярод артыстаў, якія знаходзяцца ў міграцыйнай турме Тайланда, – два нараджэнцы Беларусі.

На афіцыйнай старонцы музыкаў у VK з'явілася паведамленне, што музыкі з «Бі-2», у тым ліку і нараджэнцы Беларусі Шура і Лёва, цяпер знаходзяцца ў міграцыйнай турме ў Тайландзе. На гэты момант сувязі з імі няма.

– Прывітанне, сябры! Ад нас даўно не было навінаў – таму былі прычыны. Раскажам пра ўсё па парадку. Цяпер мы знаходзімся ў цэнтры затрымання міграцыйнай паліцыі вострава Пхукет, Тайланд, – гаворыцца ў паведамленні. – Канцэрт 24 студзеня на Пхукет прайшоў цудоўна, але пасля яго нас затрымала паліцыя: падставай для затрымання сталі некарэктна аформленыя арганізатарамі дакументы.

Важна адзначыць, што ўсе канцэрты «Бі-2» праводзяцца ў адпаведнасці з мясцовымі законамі і практыкамі. Летась мы паспяхова сыгралі больш за 60 канцэртаў у трох дзясятках краінаў – у тым ліку, два шоу ў Тайландзе. Натуральна, і нядаўнія канцэрты ў Патае і Пхукет таксама праводзіліся афіцыйна, з удзелам мясцовых арганізатараў і захаваннем усіх неабходных патрабаванняў у бяспецы мерапрыемства.

Вяртаючыся да затрымання: першую ноч мы правялі ў камеры паліцэйскага пастарунка.

Былі затрыманыя ўсе ўдзельнікі групы, сярод якіх грамадзяне Расеі, Ізраіля і Аўстраліі. Салісты і заснавальнікі групы, Лёва і Шура, – не грамадзяне РФ. На наступны дзень адбыўся суд: была вынесеная пастанова аб штрафе, які быў аплачаны на месцы. На жаль, падчас суду нам не быў прапанаваны перакладнік, і мы не мелі магчымасці азнаёміцца са зместам дакументаў справы. На гэтым прыкрая гісторыя з правапарушэннем не была закрытая.

Пасля суда нас затрымала міграцыйная паліцыя Тайланда, пад наглядам якой мы чакаем развязання пытання датычна нашага знаходжання ў краіне. Ніякіх дадатковых абвінавачанняў нам не абвешчана.

Сітуацыя і шум вакол яе падказваюць, што не апошнюю ролю ў нашым затрыманні згуляў ціск звонку. Мы ведаем, што прычыны гэтага ціску – наша творчасць, нашы погляды, наша пазіцыя. У гэты момант мы чакаем пераводу ў Бангкок, дзе пытанне нашага знаходжання ў Тайландзе павінна канчаткова развязацца. Мы на сувязі з МЗС Ізраіля, ягоныя прадстаўнікі ў Тайландзе ўдзельнічаюць у развязанні сітуацыі. Разам з тым аўстралійскага консула, які прыехаў да месца нашага ўтрымання, да нас не пусцілі.

Дзякуем нашым прыхільнікам за ўдзел і падтрымку. Не можам спаборнічаць у хуткастрэльнасці з таксічнай машынай прапаганды – але пры магчымасці будзем інфармаваць, што адбываецца з намі.

У канцы паведамлення ёсць прыпіска ад каманды Бі-2: «У цяперашні момант сувязі з удзельнікамі гурта няма».

Пра затрыманне музыкаў «Бі-2» стала вядома 25 студзеня. Тады паведамлялася, што супрацоўнікі аддзялення паліцыі ў Патонгу, курорце на заходнім узбярэжжы Пхукета, затрымалі сем чалавек – аднаго ізраільцяніна і шэсць расейцаў, прычынай арышту стала адсутнасць дазволу на працу. Гэта былі ўдзельнікі рок-групы «Бі-2». Потым 26 студзеня суд горада Пхукет аштрафаваў кожнага з іх на 95 даляраў за тое, што выступалі ў Тайландзе з канцэртамі без адпаведнага дазволу.

Нагадаем, неўзабаве пасля пачатку вайны гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расеі. У красавіку артысты адмовіліся выступаць у Омску праз плакат «Zа прэзідэнта» ў зале, пасля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ былі скасаваныя або адкладзеныя надоўга наперад. У чэрвеньскім сінгле «Калыханка», які «Бі-2» прысвяціла загінулай у 2021 годзе сяброўцы, многія прыхільнікі ўбачылі антываеннае выказванне. Хадзілі чуткі, што гурт пакінуў Расею, аднак летам музыкі адказвалі на гэта, што знаходзяцца ў адпачынку. У апошнія месяцы калектыў родам з Бабруйска дае канцэрты ў розных краінах у межах свайго замежнага тура.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках