28 красавiка 2024, Нядзеля, 14:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Вольскі: Будзе іншы час, іншая ўлада, іншая дзяржава – і ўсё стане на свае месцы

27
Лявон Вольскі: Будзе іншы час, іншая ўлада, іншая дзяржава – і ўсё стане на свае месцы
ЛЯВОН ВОЛЬСКІ

Беларуская мова акрыяе, абудзіцца і зажыве вечна.

«Як ты ні круці, але ўсё адно ўвесь час выплывае гэтае надакучлівае (і ад гэтага не менш балючае) пытанне. Так, гэта яно. Пра мову. Як ты яго ні пазбягай, дзе ні хавайся, яно пераследуе, даганяе, турбуе, абпальвае…» Лявон Вольскі на сайце «Будзьма» піша пра этапы, якія праходзіла беларуская мова і разам з ёй мы, пра сённяшні стан і перспектывы.

Прывід мовы

Быў такі час, калі меркавалася, што па-беларуску гавораць ці вяскоўцы-калгаснікі, ці творчыя дзеячы — пісьменнікі, мастакі, гісторыкі. Першая катэгорыя размаўляе на «бруднай» беларускай мове, другая – на «чыстай». Мне было васямнаццаць, я з'яўляўся ў нейкім публічным месцы (напрыклад, у кавярні на Траецкім), меў доўгія валасы і размаўляў па-беларуску. Да якой катэгорыі мяне можна было аднесці? Даўгія валасы - значыць, хіпі. Але адзенне неадпаведнае, нехіперскае. Беларуская мова - значыць, калгаснік. Але даўгія валасы, нефармальны выгляд… Не складаецца. Пісьменнік, мастак? Дык малады яшчэ.

Народ прывык, што беларускамоўныя пісьменнікі-мастакі павінны быць у шаноўным узросце, з багатым звілістым пройдзеным шляхам і жыццёвым досведам за плячыма. Карацей, нічога не складалася, народ абвык да вызначаных стэрэатыпаў, а тут яны парушаліся.

І ўзнікала здань мовы — так-так, той мовы, якую ты калісьці вучыў у сваёй вёсцы, на якой ты ўпэўнена гутарыў да пераезду ў горад. А ў тым горадзе давялося хуценька перавучвацца на іншую, каб не быць дзеравеншчынай, селянінам і калгаснікам. І ты перавучыўся і забыўся, а тут - на табе! Нагадваюць, турбуюць, трывожаць... Некамфортна!

Гаворыш па-беларуску – значыць, бэнээфавец

Потым прыйшоў іншы час. З'явіўся іншы, новы стэрэатып: размаўляеш па-беларуску, значыць, ты бэнээфавец! А калі ты бэнээфавец, то ад цябе нічога добрага чакаць не даводзіцца. Ты хочаш усё змяніць, а людзі не любяць гэтыя хуткія змены. Ім здаецца: лепш няхай будзе як ёсць, абы не было горш!

Аднойчы я патрапіў на вяселле. Было шмат людзей, як у нас прынята – сваякі, сябры, далёкія сваякі, прыяцелі… Залішне казаць, што я там быў дастаткова экзатычнай фігурай са сваімі даўгімі валасамі і беларускай мовай. А народ быў розны, хаця большасць складалі гарадскія жыхары ў першым пакаленні (былыя вяскоўцы) крыху за 40. І вось я выпадкова падслухаў размову ў курылцы.

Адзін былы вясковец абурана звяртаўся да купкі слухачоў: «Дык яны ж хочуць, каб усіх перавучыць на беларускую мову! Вось чаго яны хочуць гэтыя бэнээфаўцы!». І народ абурана нешта мармытаў, маўляў, нічагуткі сабе, зусім ужо зарваліся нацыяналісты гэтыя!

Беларусізацыя і адкат назад

Потым быў кароткі час беларусізацыі. Большасць (як, дарэчы, і заўсёды) ставілася да маёй беларускай станоўча, але знаходзіліся і агрэсіўныя асобы, маўляў, чаго вы мяне прымушаеце гэтую мову вучыць, я яе не праходзіла ў школе, бо дачка вайскоўца! Зрэшты, такіх было мала. Але шуму ад іх магло быць шмат!

Потым пачаўся адкат назад. І нават не назад, не да савецкага стандарту – творчая эліта і вяскоўцы размаўляюць па-беларуску, астатняя маса – па-расейску. Не.

У савецкі час творчая эліта - гэта былі недатыкальныя асобы. Напалову багі. Жыхары неба. Барадулін, Быкаў, Гілевіч... Непарушныя аўтарытэты.

У новым часе аўтарытэт застаўся толькі адзін - першая асоба дзяржавы, астатнія - ды абы што, дробязь.

Паступова гэтым учорашнім аўтарытэтам перацялі шляхі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі - усім гэтым радыё-тэлевізія-газетам, перасталі публікаваць у дзяржаўных часопісах. Ды і беларускамоўная яшчэ з савецкіх часоў тэлевізія стала запар расейскамоўнай.

Размова па-беларуску стала прыкметай апазіцыйнасці — усё ж усюды гавораць па-расейску, а чаго ты, такі разумны, рэжаш па-беларуску? Гэта ж не проста так? Цяпер ужо дасылкі да творчай эліты не спрацоўвалі — гэтая эліта таксама асацыявалася з апазіцыйным рухам — Быкаў, Барадулін… Яны ж не падтрымліваюць уладу і той шлях, якім ідзе краіна, праўда? Ну вось.

«Сарамлівая недабеларусізацыя»

А потым быў кароткі перыяд «сарамлівай недабеларусізацыі», калі можна было насіць вышыванку (вышымайку) і пагоню на грудзях. Гэта нават (неафіцыйна) віталася. Бо кіраўніцтва дзяржавы хацела даць зразумець Пуціну, што ў нас тут не ўсё яшчэ спрэс расейскае і, калі правесці рэферэндум кшталту крымскага, то ўсе прагаласуюць за Расею, не! Мы, калі што, маем сякую-такую самасвядомасць і нацыянальную сімволіку, якая, хоць і адрозніваецца ад дзяржаўнай, але таксама важкая, грунтоўная і гістарычная. Вось. Так што не думайце, што ўсё так проста! Некаторыя наіўныя беларусы ўспрынялі гэта як разварот уладаў да ўсяго беларускага і пачалі святкаваць перамогу. Рана пачалі.

Краіна абсурду

Ясна, што сарамлівая недабеларусізацыя не магла трымацца доўга (хоць яе і негалосна падтрымлівалі нешматлікія патрыятычна настроеныя асобы з кіраўніцтва) і пасля памятных выбараў 20-га яна цалкам згарнулася. Не буду тут расказваць пра «апазіцыйныя шкарпэткі» ці пікетаванне на балконе каробкай ад тэлевізара LG, вы і без гэтага ведаеце ступень абсурду, у які пагрузілася краіна.

Цяпер ужо размаўляць па-беларуску на вуліцы ці ў якім публічным месцы (кавярні ці рэстарацыі) — проста небяспечна.

Бо твая беларуская цяпер — гэта наўпроставая прыкмета не тое што апазіцыйнасці — антыдзяржаўнасці! - і нейкая празмерна пільная бабуля ці дзядок-адстаўнік могуць на цябе данесці куды трэба, а з гэтага «куды трэба» выбрацца вельмі цяжка, вы ж ведаеце.

Паступова ўсё беларускамоўнае і проста беларускаарыентаванае прыраўноўваецца дзяржавай да «экстрэмісцкага». Трымаць дома кнігу Бахарэвіча (ці Дуніна-Марцінкевіча!) небяспечна, бо нейкія ўладныя знаўцы прызналі гэта «экстрэмісцкай літаратурай», а з турэмных бібліятэк цалкам «выкарчавалі» літаратуру на беларускай мове. Відаць, на ўсялякі выпадак.

Чаго там разбірацца, які ў гэтага аўтара верш экстрэмісцкі, а які - не, лепш адразу выкінуць усё беларускамоўнае. Прынамсі, за гэта не пакараюць. А за тое, што недаглядзелі - могуць. Дык што лепш?

Цікава, што ўсім гэтым займаюцца тыя самыя людзі, пра якіх гаварылася вышэй, якія (самі ці іх бацькі) вучыліся ў беларускіх школах, гаварылі ў сваіх вёсках і да т.п. па-беларуску, вучылі на памяць вершы Купалы і Багдановіча (а хто- то — і Барадуліна!), а вось як пераехалі ў горад, то гэтую «мову краявідаў» давялося забыць. І што там забыць - выдраць з сябе з каранямі. Выкарчаваць. Бо хто ж з так званых «сілавікоў» ці чыноўнікаў хоча, каб яго асацыявалі з (не дай Бог!) апазіцыянерам? Антыдзяржаўнікам? Экстрэмістам? Ніхто. Сітуацыя значна больш радыкальная за тую, што склалася ў 70-х—80-х гадах мінулага стагоддзя, калі проста не хацелі быць «калгаснікамі».

І што? Катастрофа? Канец? Непапраўная сітуацыя? Нязваротныя змены?

Ды не, дарагія, я так не думаю.

Усё адно ў падкорцы ва ўсіх нас наша мова запісаная, будзе іншы час, іншая ўлада, іншая дзяржава - і ўсё стане на свае месцы.

Калі ўжо за савецкім часам яна не знікла (а былі ўсе ўмовы для гэтага!), калі за апошнія трыццаць гадоў негалоснай барацьбы ўладаў з ёй не памерла (а магла!), дык ужо не загіне. Акрыяе, абудзіцца і зажыве вечна! Як Беларусь.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках