27 красавiка 2024, Субота, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцёр Сігаў расказаў, як адмовіўся дзякаваць Лукашэнку і паслаў дырэктара «Беларусьфільма»

22
Акцёр Сігаў расказаў, як адмовіўся дзякаваць Лукашэнку і паслаў дырэктара «Беларусьфільма»
Ігар Сігаў

Пасля пратэстаў 2020 года акцёр атрымаў забарону на творчыя прафесіі ў Беларусі.

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Ігар Сігаў працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і Купалаўскім тэатры, адкуль пайшоў у 2020 годзе. Пасля нападу Расеі на Украіну ён разам з жонкай-украінкай пераехаў у Польшчу.

У інтэрв'ю «Жыццё-маліне» Сігаў расказаў, як адмаўляўся дзякаваць Лукашэнку за званне Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, якое яму прысвоілі ў 2011 годзе.

– Я прыйшоў на ўручэнне «заслужанага», «народнага». І ты сядзіш, чакаеш, калі прагучыць тваё прозвішча, каб выйсці, атрымаць. Падыходзіць да мяне жанчына, якая курыравала ўвесь гэты працэс, і яна кажа: «Ігар Аляксеевіч, калі вас выклічуць, вы павінны сказаць словы падзякі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку».

А я кажу: «А чаго я? Там, вось, уручаюць “народных”, можа, няхай яны». Прычым там не кожны выступаў, нехта сам хацеў, нехта проста казаў «дзякуй», бо там таксама быў рэгламент.

Я не ведаю, што гаварыць. І гучыць такая фраза: «Гэта значыць, вы адмаўляецеся?» Я кажу: «Дык рэч не ў тым, што я там адмаўляюся, не адмаўляюся, а ў тым, што я не ведаю, што гаварыць». «Гэта значыць, вы адмаўляецеся?» Я кажу: «А чаму я, растлумачце?» «Таму што Міністэрства культуры выбрала вас, каб вы сказалі, таму вы павінны сказаць».

Я кажу: «Добра». Ну, а пра што гаварыць? Словы падзякі «Дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч, за нашае шчаслівае дзяцінства» ці што?!

Прычым я разумею, што асабліва пасля 2020-га ў іх было: «Як так? Вам наш прэзідэнт даў званне». На секундачку, я яго заслужыў, хоць бы працамі ў кіно, прызнаннем не толькі ў Беларусі… А калі ставяцца як «Ён зышоў да цябе, каб узнагародзіць», то і не трэба мне і «заслужанага», а тым больш калі табе кажуць, што «ў вас няма выбару».

Я выйшаў тады і на беларускай мове гаварыў пра тое, што «Дзякуй за прызнанне, але такіх, як я, у Беларусі даволі, якія вартыя гэтага звання. І ўвогуле, не адварочвайцеся ад культуры, таму што мы самыя безабаронныя».

Пасля мяне было яшчэ некалькі чалавек. І далі яму сказаць заключнае слова. І ён стаў прамаўляць: «Ну, Ігар Аляксеевіч, мы ведаем, я дапамагаю культуры, я Купалаўскаму будынак адбудаваў», – расказаў Сігаў.

Акцёр таксама прыгадаў, як праз некаторы час, напярэдадні нарады ў Лукашэнкі датычна праблемаў кіно, да яго падышоў тагачасны дырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч.

– Ён: «Зайдзі да мяне, я цябе навучу, як трэба размаўляць з прэзідэнтам». Я кажу: «Алег, ідзі н...»

Сігаў дадаў, што ў той час займаў пасаду дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, таму мог размаўляць з дырэктарам «Беларусьфільма» на роўных.

Пасля падзеяў 2020-га акцёр атрымаў забарону на творчыя прафесіі ў Беларусі. Цяпер ён падзарабляе ў Польшчы таксістам. Паводле словаў Сігава, каб «нешта зарабіць» на арэнднай машыне трэба працаваць 10-12 гадзінаў штодня, але ў яго праз фізічную стомленасць так не атрымліваецца.

На пытанне «чаму, з вас не ўпала карона?» акцёр адказаў:

– Я яе не нашу, я яе часам надзяваю. Таму яна і не падае.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках