17 траўня 2024, Пятніца, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх студэнтаў польскіх ВНУ з'явіліся праблемы з візамі

32
У беларускіх студэнтаў польскіх ВНУ з'явіліся праблемы з візамі

Вядома мінімум аб шасці выпадках.

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у выдачы віз для вучобы ў Польшчы. А тым, чые заявы задавальняюць, візы выдаюць на больш кароткія тэрміны: замест года - паўгода. Студэнты вымушаны прапускаць заняткі і не ведаюць, як разбірацца з пропускамі Нrodna.life вядома аб шасці выпадках за апошні месяц.

Студэнтка Ганна вучыцца ў польскай ВНУ ўжо трэці год. Праблем з атрыманнем візы ў яе не ўзнікала да лета 2023 года. Тады візу ёй адкрылі толькі на паўгода, хаця раней заўсёды выдавалі на год. Дзяўчына рыхтавалася падаваць дакументы на працяг студэнцкай візы ў Гародні 15 сакавіка 2024 года.

- У дэканат майго ўніверсітэта патэлефанавалі з нейкага польскага міністэрства, адкуль канкрэтна, не ўдакладнілі. Пыталіся, ці вучуся я наогул. Дэканат ім нічога не адказаў, бо не было афіцыйнага запыту. А праз тыдзень мне поштай у Менск прыйшоў пашпарт. Візы ў ім не было, мне было адмоўлена згодна з пунктам 10 (пастанова аб адмове ў выдачы нацыянальнай візы). Што менавіта гэта за пункт, я разабралася потым. Цяпер многім студэнтам паводле гэтага пункту адмаўляюць. Адмова была ад МЗС Польшчы.

Пункт 10 пастановы гучыць як "Існуюць абгрунтаваныя сумневы аб Вашым намеры пакінуць тэрыторыю Польшчы перад заканчэннем тэрміну візы". А таксама - у дакладнасці прадстаўленых звестак аб мэтах і ўмовах меркаванага знаходжання. Пастанову аб адмове ў выдачы візы прымае консул.

— Калі я пачала разбірацца, чаму мне далі адмову, то высветліла, што МЗС Польшчы не зрабіла афіцыйны запыт ва ўніверсітэт, без якога ВНУ не мае права выдаваць якую-небудзь інфармацыю. Хутчэй за ўсё, мне было адмоўлена менавіта таму, хаця пры падачы дакументаў у Гародні я прыклала афіцыйнае пацвярджэнне майго статусу студэнткі з пячаткамі ўніверсітэта. Яно было аформленае адразу пасля здачы сесіі. Раней такога дакумента было дастаткова.

Са слоў Ганны, сам працэс запісу на падачу дакументаў на студэнцкую візу таксама выклікае цяжкасці. Дзяўчына запісвалася праз візавае агенцтва, і атрымаць дату ўдалося толькі праз тры тыдні чакання.

Як падаць апеляцыю?

З інфармацыі на сайце gov.pl, калі вы не згодны з пастановай консула, у вас ёсць права падаць заяву з просьбай аб паўторным разглядзе візавай анкеты. Заяву неабходна падаць у консульскую ўстанову, якая выдала пастанову, на працягу 14 дзён з моманту яе атрымання. Консульскі збор за паўторны разгляд складае 60 еўраў, а сама заява разглядаецца консулам на працягу сямі дзён.

- Мне давялося зноў ехаць у Гародню для таго, каб падаць апеляцыю. Да яе я таксама прыклала ліст ад рукі з просьбай выдаць мне візу і аповедам аб маіх намерах заставацца вучыцца далей у магістратуры. Я адразу ж пачала тэлефанаваць ва ўніверсітэт з просьбай напісаць афіцыйныя лісты консулу і ў МЗС і пацвердзіць, што я сапраўды працягваю навучанне. Праз два тыдні візу мне ўсё ж такі адкрылі, але зноў на паўгода, толькі да 30 верасня.

Журналістам вядома як мінімум пра шэсць выпадкаў адмовы ў студэнцкай візе за апошні месяц. У адным з візавых агенцтваў Менска студэнтам пацвердзілі, што выпадкі адмовы са студэнцкімі візамі ў апошні час пачасціліся.

З чым звязаны такія пастановы, пакуль невядома.

Складанасці з атрыманнем візы ўплываюць на іх наведванне заняткаў і ставяць пад пытанне магчымасць працягу вучобы за мяжой.

- Увогуле на афармленне візы гэтым разам у мяне сышоў месяц, - пракаментавала сітуацыю студэнтка. - Я прыехала ў Беларусь 15 сакавіка, а з'ехала 21 красавіка. І гэта без уліку таго, колькі часу спатрэбілася, каб атрымаць дату на падачу дакументаў. Нават нягледзячы на вялікую колькасць святочных дзён у Польшчы ў гэты перыяд, я ўсё адно прапусціла чатыры тыдні вучобы. Як далей мне разбірацца з пропускамі, я пакуль не ведаю.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках