СМІ: Кітай і Турцыя паднеслі непрыемны «сюрпрыз» Расеі
- 2.05.2024, 14:19
- 12,564
Пагрозы ЗША спрацавалі.
Найбуйнейшыя гандлёвыя партнёры Масквы Турцыя і Кітай раптоўна знізілі пастаўкі тавараў у Расею праз боязь перад другаснымі санкцыямі з боку Вашынгтона. Аб гэтым паведамляе выданне The Moscow Times, спасылаючыся на эканамічных аналітыкаў.
На думку аналітыкаў, экспартны бум апошняга часу пачаў здзімацца не толькі з-за пагроз санкцый, але і з-за цяжкасцей з грашовымі транзакцыямі. Financial Times і Bloomberg таксама паведамляюць аб пагаршэнні сітуацыі для Расеі. Для Кітая расейскі рынак збыту застаецца другасным з дзеллю 3%, таму рызыкі перавешваюць магчымыя выгады.
З пачатку сакавіка кітайскія і турэцкія банкі сталі больш уважліва аналізаваць транзакцыі з Расеяй ці ўвогуле адмаўляцца ад іх.
Экспарт у Расею з Кітая год да года ўпаў на 15,7 адсотка, што адбылося ўпершыню з чэрвеня 2022 года. У снежні кітайскі экспарт у Расею склаў $10,7 млрд. Аднак ужо ў сакавіку ён значна знізіўся да $7,6 млрд. Такім чынам, падзенне склала 29 адсоткаў.
Экспарт з Турцыі ў Расею ўпаў у першым квартале на 30% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.
Заходняе абсталяванне звычайна валодае перадавымі тэхналогіямі, што дазваляе расейскім прадпрыемствам заставацца канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку. Без доступу да перадавых тэхналогій і абсталявання Расея рызыкуе заставацца ззаду ў тэхналагічным развіцці і страчваць свае пазіцыі на сусветных рынках.
У некаторых галінах расейскай эканомікі поўнасцю адсутнічае або недастаткова развітая айчынная вытворчая база, здольная забяспечыць патрэбныя тэхналагічныя развязанні. У такіх выпадках імпарт заходняга абсталявання становіцца адзіным спосабам кампенсаваць гэты дэфіцыт і забяспечыць нармальнае функцыянаванне галіны, менавіта таму так званы "раўналежны" шэры імпарт так важны для Масквы.