18 траўня 2024, Субота, 1:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць незвычайных і простых спосабаў пафарбаваць велікодныя яйкі

1
Пяць незвычайных і простых спосабаў пафарбаваць велікодныя яйкі

Яшчэ з дахрысціянскіх часоў беларусы выкарыстоўвалі фарбаванае яйка як сімвал урадлівасці, жыцця, здароўя і дабрабыту.

Калі вам надакучыла кожны год фарбаваць яйкі цыбулевым шалупіннем і хочацца чагосьці новага, «Белсат» прапануе некалькі простых, сучасных і старадаўніх спосабаў.

Яшчэ з дахрысціянскіх часоў у старажытных славянаў яйка было рытуальнай ежай, увасабляла ўрадлівасць, жыццё, здароўе, дабрабыт, несла ў сабе гаючую, ачышчальную і ахоўную сілу. Да гэтага часу многія праваслаўныя беларусы прыносяць на Радаўніцу велікодныя яйкі на могілкі.

Адны з самых старажытных яек-маляванак з вапняку былі знойдзеныя падчас археалагічных раскопак гарадзішча эпохі вікінгаў у Масковічах непадалёк ад Браслава. Каб не адыходзіць ад старажытнай беларускай традыцыі, прапануем 5 простых і нетыповых спосабаў афарбоўкі велікодных яек.

1. Паласацікі

Яркія і рознакаляровыя яйкі атрымаюцца, калі закруціць іх ніткамі мулінэ і зварыць. Важна паварыць трохі даўжэй, а потым не зліваючы вады даць астыць. Потым акуратна зрэзаць ніткі – за гэты час яны аддадуць частку свайго колеру.

2. Дэкупаж

Аказваецца, велікодныя яйкі можна ўпрыгожваць нават творамі мастацтва. А робіцца гэта вельмі проста. Усё залежыць ад таго, з якімі ўзорамі і малюнкамі сурвэткі Вы купіце. Загадзя варым яйкі, адлучаем верхні пласт сурвэтак, бо толькі ён спатрэбіцца, выразаем на сурвэтках патрэбны малюнак і клеем ПВА прыляпляем кавалак сурвэткі на яйка. Замест клею можна выкарыстоўваць узбіты яечны бялок.

Калі сурвэткі на яйках высахнуць, іх можна нацерці раслінным алеем для глянцавага эфекту.

3. «Касмічныя» яйкі

«Касмічны эфект» можна атрымаць з дапамогай звычайнай фарбы і пэндзліка. Пафарбаваўшы яйкі ў чорна-сіні колер, трэба акуратна напырскаць белыя зоркі. Дарэчы, згодна з шматлікім старажытным сусветным міфам, менавіта з касмічнага яйкі і з'явіўся наш свет.

Напрыклад, індусы мяркуюць, што Сусвет у пачатку быў пазбаўлены сутнасці, пакуль не прыняў форму яйка – Хмранья Гарбха, – шкарлупінне якога стала мяжой паміж нічым і нечым. Праз год гэтае Касмічнае яйка раскрылася, і ягоная ўнутраная абалонка ператварылася ў аблокі, прожылкі сталі рэкамі, а вадкасць – акіянам.

4. Шкробанкі і раслінныя ўзоры

Для тых, хто не хоча адыходзіць ад натуральнай афарбоўкі яек цыбулевым лушпіннем, прапануем досыць традыцыйны спосаб, распаўсюджаны ў многіх рэгіёнах Беларусі. У старую непатрэбную капронавую панчоху засоўваюць яйка, па баках абклаўшы яго лісцем, травой або іншымі раслінамі, якія маем пад рукой.

Шчыльна завязаўшы яйка, варым яго ў падрыхтаваным лушпінні. Калі ў хаце няма кветак і лісця ды лянота выходзіць на вуліцу, пасля афарбоўкі ўзоры на яйку можна проста «выдрапаць» вялікай іголкай або іншым вострым прадметам. Можа атрымацца сапраўднае мастацтва.

5. Пісанкі па-сапоцкінску

Унікальным старажытным спосабам упрыгожвання велікодных яек славіцца пасёлак Сапоцкін, дзе да гэтага часу захавалася традыцыя фарбаваць яйкі ў чорны колер, а ўзоры наносіць пчаліным воскам.

«Нашы яйкі звычайна чорныя з белымі ўзорамі. Магчыма, гэта калісьці было сімвалам святла і цемры. Чорны – таксама колер урадлівай зямлі, а белы – заўсёды быў сімвалам чысціні і прыгажосці. Асноўныя ўзоры – кветкі і сонейка. Усё вельмі радаснае, як і радаснае свята – Вялікдзень, калі ўваскрос Хрыстос і перамог смерць», – тлумачыць Ганна Чаславаўна Галубцова, загадчыца філіяла Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра.

Для чорнай фарбы патрэбныя ржавыя цвікі або іншае непатрэбнае ў доме ржавае жалеза, кара дубу, алешыны, якія заліваюцца вадой. Усе інгрэдыенты павінны настойвацца каля месяца, якраз падчас Вялікага посту. Звычайна людзі пачынаюць гэта рабіць, калі толькі пачынаецца пост, каб на Вялікдзень фарба была гатовая. Калі яна не выстаіць свайго, то колер можа атрымацца не зусім чорны. Можа быць карычняваты.

Паколькі да самага Вялікадня сёлета натуральную фарбу рабіць запозна, яе можна замяніць звычайнай фарбай для яек, якую можна набыць у краме. Пры гэтым колер кожны для сябе можа абраць на свой густ.

Перад тым як апусціць яйка ў фарбу, трэба падтапіць воск і спецыяльным пэндзлікам, які па-мясцовым называюць «пісачок», нанесці ўзоры на сырое або загадзя зваранае яйка. Такі пісачок можна вельмі проста зрабіць: у драўляную дошчачку забіваецца маленькі цвічок, якім пасля і наносяцца ўпрыгажэнні. Воск павінен быць пчаліны, ці гэта можа быць расплаўленая царкоўная свечка. Калі яйка было сырым, то яго трэба на суткі апусціць у фарбу, а пасля гатаваць.

Пасля гатоўкі воск сыдзе і застанецца малюнак. Калі ж яйка было зваранае, пасля афарбоўкі яго можна проста патрымаць над свечкай, каб воск расплавіўся і злез.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках