Лукашысты зладзілі «хапун» у Лідзе
14- 4.05.2024, 11:44
- 11,318
Затрыманыя супрацоўнікі некалькіх прадпрыемстваў і фірмаў.
У чацвер, 2 траўня, у Лідзе адбыўся рэйд міліцыі з масавымі затрыманнямі жыхароў горада. Пра гэта позна ўвечары ў пятніцу паведаміў мясцовы неафіцыйны тэлеграм-канал сілавікоў, заўважыла «Медыязона».
Як вынікае з паведамлення канала, сілавікі выявілі нязгодных з уладамі на буйных прадпрыемствах – ААТ «Лакафарба» і Лідскім малочна-кансервавым камбінаце, а таксама ў некалькіх прыватных фірмах. Супрацоўнікі былі затрыманыя паводле артыкуле 19.11 КаАП аб распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Колькасць затрыманых не названая, што з імі цяпер адбываецца, невядома. Паводле словаў сілавікоў, яны «чакаюць сваёй далейшай долі ў ІЧУ».
Калі над імі плануюцца адміністрацыйныя суды, то яны пройдуць не раней за панядзелак, як мінімум усе выходныя затрыманым давядзецца правесці ў ізалятары.
Аднак яшчэ да вынясення судовых пастановаў аўтары канала сцвярджаюць, што затрыманыя будуць пакараныя зборам камянёў на палях сельгаспрадпрыемстваў раёна.