1 мая 2024, среда, 7:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Тысячастаронкавая гісторыя ВКЛ: выйшаў першы том

22
Тысячастаронкавая гісторыя ВКЛ: выйшаў першы том

Доктар гістарычных навук, адзін са стваральнікаў «Гісторыі пад знакам Пагоні» Алесь Краўцэвіч выдаў новую кнігу - «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248-1341)».

Гісторык разглядае ВКЛ не проста як гісторыю беларускіх земляў, а як важны этап беларускай дзяржаўнасці, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Кніга выдадзеная ў межах серыі «Гарадзенская бібліятэка».

«Я адмовіўся ад традыцыйнага падыходу ў вывучэнні ВКЛ, уласцівага беларускім гісторыкам як савецкай эпохі, так і часоў незалежнасці. Для мяне Вялікае Княства – прадаўжальнік дзяржаўнасці Полацкага, Тураўскага княстваў і адзін з важнейшых чыннікаў нацыянальнага будаўніцтва. У гэтай кнізе гісторыя ВКЛ падаецца ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі», - кажа Алесь Краўцэвіч.

«Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (1248-1341)» ахоплівае прамежак часу ад узнікнення дзяржавы да пачатку яе тэрытарыяльнага росту пры вялікіх князях Віцені і Гедыміне. Тэкст створаны на аснове вывучэння, галоўным чынам, апублікаваных пісьмовых крыніц, а таксама адмысловых прац, прысвечаных асобным аспектам тэмы. Фармальна гэтая праца – першая ў краіне навуковая сінтэза гісторыі ВКЛ, але яна таксама ўкладаецца ў кантэкст гісторыі Беларусі, як адзін з важнейшых яе этапаў.

Каардынатар кніжнай серыі «Гарадзенская Бібліятэка» Павал Мажэйка плануе, што ў наступныя гады будуць выходзіць кнігі, прысвечаныя чарговым этапам гісторыі ВКЛ. «Канцавой мэтаю нашай працы ёсць паўстанне тысячастаронкавай гісторыі Вялікага Княства, максімальна поўнай гісторыі ВКЛ, напісанай беларускім гісторыкам. Алесь Краўцэвіч вылучаецца акрамя грунтоўнага навуковага падмурку яшчэ і тым, што ён выдатны прамоўтэр беларускай гісторыі, чалавек які набліжае гісторыю да народа. Для нас важна таксама тое, што гісторык Краўцэвіч у сваіх працах бароніць беларускі пункт гледжання, беларускі інтарэс, што для значнай часткі сённяшніх гісторыкаў у Беларусі, зусім не відавочная рэч», - адзначыў Павал Мажэйка.

Дадамо таксама, што кніга напісана даступнай мовай, змешчана храналогія гісторыі ВКЛ да канца гаспадарання Гедыміна, падаецца багаты імянны і геаграфічны паказальнік, а таксама арыгінальная аўтарская каляровая мапа «Вялікае Княства Літоўскае пры Гедыміне. 1341 год».

Ад сённяшняга дня кнігу можна набыць у кнігарнях Менска, а таксама асноўных інтэрнэт-кнігарнях, якія працуюць з беларускай гістарычнай літаратурай.

Написать комментарий 22

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях