28 апреля 2024, воскресенье, 16:29
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Герб на талерцы

17
Герб на талерцы

Правіцель хоча жыць шыкоўна.

Дваццаць год на вахце – хіба не заслужыў? Трэба ж пасля ударнай працы часам і расслабіцца. Здаўна працаўнікам гарачага цэху прызначаўся пэўны бонус - малако. А цэх правіцеляў хіба не гарачы? Ніхто з ягоных блізкіх сяброў, ветэранаў супольнасці непахісных правадыроў на сваёй цяжкай пасадзе не ўтрымаўся. Дзе той Садам? Да чаго ўжо круты і нязломны быў Муамар, а дзе ён цяпер?

Тутэйшы таксама ў парыве шчырасці прызнаўся аднойчы, што хацеў бы пазбавіцца даўно абрыдлай пасады і вудзіць на якой-небудзь сажалцы карасёў. Або даследаваць невядомыя старонкі жыцця Скарыны Піцерскага. Але якім чынам сысці? Народ хіба дазволіць? Зноў жа – дзеткі. Прыбягуць: «Татка, татка, дзе ж мы будзем жыць?» Сваго кутка няма. Заробкі маленькія – кватэру не купіш.

Вось і даводзіцца трымацца гэтых прыкрых Драздоў. Або вандраваць па іншых мясцінках. У таго ж Садама гэткіх прытулкаў было па краіне шаснаццаць. А ў нас нафты і газу няма, таму сціпла – толькі дванаццаць. Але няўдзячны люд на спартанскі лад жыцця не зважае. Звягае абы што. Асабліва розныя там папарацы. Свае і чужыя.

Колькі каштуе ваш швейцарскі гадзіннік? Дзе і пачом бралі дзягу? Колькі дзяржава заплаціла за ваш «Майбах»? Стаміўся адказваць: ні капейкі! Усё гэта падарункі добразычлівых людзей.

Глядзяць з недаверам, развесіўшы вушы. Як гэта ў падарунак – «Майбах»? А вось так! Творчыя нібыта людзі, а не могуць сабе ўявіць, як тое магло б адбывацца насамрэч.

Раніцай выйшаў на ганак. А ўсе ахоўнікі ў стрэсе - пазаштатная сітуацыя. Паблізу ў хмызнячку стаіць звычайны чалавек. Саромеецца. Расейскі бізнесовец, кажа. Хоча самаму народнаму з правадыроў зрабіць сціплы падарунак. «Майбах» з банцікам. Вунь там, каля плота. Што было рабіць? Адмовіць? Пакрыўдзіць шчырага чалавека?

А потым, едучы ўжо на працоўнае месца, нельга ж было не заўважыць, што стаяць уздоўж праспекта людскія натоўпы і лемантуюць аднагалосна: «Даеш палац! Даеш палац!» І сапраўды, маюць рацыю – няма ў народа добрага палаца. Пайшоў насустрач. Пабудаваў. Па багатаму, як у заможным калгасе.

І зноў усё тое ж: а колькі каштуе? А чаму люстры пад золата, са славутай нямецкай фірмы, дарагія неверагодна? А навошта яшчэ і вялізны глобус?

І ўжо новы скандал. Раскапалі на нейкім сайце заяўку адпаведнага падраздзялення Мінгарвыканкама на закуп сталовага посуду для новазбудаванага палаца. Такі вэрхал узняўся! Ды гэта ж славутая Falken-Porzellan. Вычыталі недзе, што яе вырабы вызначаюцца «найвышэйшай якасцю, вытанчаным дызайнам і адмысловым глянцам у спалучэнні з золатам і плацінай у дваццаць чатыры караты».

Марнатраўства! Каму спатрэбілася гэта раскоша? Чаму не аддалі тую замову Добрушскай фабрыцы? Хіба скасаваны ўжо заклік: «Купляйце беларускае?» Мала таго, дык нямецкая фірма павінна яшчэ ўсё аздобіць тутэйшым дзяржаўным гербам. Гэта ж сотні і сотні адзінак таго даражэзнага посуду. Шалёныя грошы. Можа сабе дазволіць такое краіна, дзе катастрафічна не хапае сродкаў на самае неабходнае? Доўжацца няспынныя пошукі новых крэдытаў. Давялося нават дзяржаўны доўг абвесціць найвялікшым сакрэтам. Прыдумляюць усё новыя і новыя падаткі. Не саромячыся, рабуюць прадпрымальнікаў. Вытрасаюць апошняе з простых людзей. З раскошай нельга было пачакаць?

Усё так. Сапраўды, з грашыма нявыкрутка. І славутая сацыяльна арыентаваная дзяржава можа прапанаваць сваім пенсіянерам, дзецям, настўнікам, урачам ды іншым катэгорыям насельніцтва хіба што фігу з маслам.

Але ж варта зазірнуць хаця б у недалёкую будучыню.

А што там у нас на даляглядзе? Вялікі хакей! А гэта значыць, што з’едуцца да нас з усяго свету не толькі заўзятары, але і высокія госці. Абама. Меркель. Аланд. Той жа Кэмерон. А магчыма, і сама каралева. Далей – па спісу. Нікуды яны не падзенуцца. Прыедуць, адрынуўшы чуткі пра апошнюю дыктатуру, палітвязняў і татальныя парушэнні правоў чалавека. Бо тут хакей. Той самы, вялікі, якога так чакалі.

І ў пэўны дзень збяруцца яны ўсе разам у новым палацы. Каб адсвяткаваць неверагодную перамогу тутэйшай каманды, натхнёнай самым спартыўным з усіх кіраўнікоў свету. Сядуць за шыкоўна накрыты стол.

Расчыняцца дзверы, і ўвойдзе ён, хакеіст і правадыр. З клюшкай. На каньках. Проста з лядовай пляцоўкі. Пасля пераможнай гульні. Свой хлопец. Са стрыманай, шчырай усмешкай. Як на тым здымку, што адчыняе ягоны абноўлены сайт.

І на нейкі момант усталюецца ў залі неверагодная цішыня. Хіба толькі ледзь чутны звон парушыць яе. Гэта на край найтанчэйшай талеркі, аздобленай тутэйшым гербам, упадзе чыя-небудзь скупая сляза. І зразумеюць усе гэтыя прэзідэнты, канцлеры ды розныя каралі, хто ёсць кім.

І здымуць санкцыі. Дадуць крэдыт. Прыйдуць у краіну вялікія грошы. Застанецца бязмежна адданым спецназ. І недзе праз год прынясе яму з плошчы захоплены ў якасці трафею чарговы прэзідэнцкі тэрмін. І будзе тады ўсім шчасце.

З золатам і плацінай у дваццаць чатыры караты.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 17

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях