13 траўня 2024, панядзелак, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У дзяцінстве Аляксандр Рыбак засынаў пад «Купалінку»

6

Беларус з нарвежскім пашпартам набраў рэкордную колькасць балаў за ўсе часы правядзення конкурсу. 15 краін, у тым ліку і Беларусь, паставілі яму найвышэйшую адзнаку.

Аляксандр Рыбак набраў 386 балаў, другое месца заняла Ісландыя з вынікам 218 балаў, на трэцім месцы — Азербайджан.

Да перамогі на «Еўрабачанні» Рыбак распавёў «Еўрарадыё» пра сваё сентыментальнае першае каханне, асабістае жыццё і нават пра здымкі ў кіно разам з салістам А-hа, які выконвае там ролю яго бацькі.

– Скажыце, а як беларускім людзям тое, што я зараз нарвежац? Ці правільна тое, што я са скрыпкай Нарвегію хачу паказаць? – запытаўся ў журналіста Аляксандр Рыбак.

– Многія беларусы цябе падтрымліваюць.

– Вельмі добра. А то я баяўся, што беларусам будзе непрыемна. Я ж беларускую культуру прадстаўляю ў Нарвегіі. Так што беларусы, можа быць, за мяне і галасаваць будуць на «Еўрабачанні»…

– Так, будзем галасаваць, забяспечваць 12 балаў.

– Вельмі было б добра. А гэта нічога, што я дрэнна размаўляю па-руску?

– Мы таксама не рускамоўныя. Размаўляем у жыцці па-беларуску.

– А!!! Добра што сказалі. А то я ўсім тут ў Нарвегіі даводжу, што на Беларусі ўсе гавораць па-руску. А на дачах, дык там па-беларуску.

Пад словам «дача» Рыбак меў на ўвазе беларускую вёску. Дарэчы, вёска – самы яскравы яго дзіцячы беларускі ўспамін.

– Так, так, так! Я дачы памятаю вельмі добра. Лешні. Вы ведаеце, дзе знаходзяцца Лешні? Там вельмі цёплыя людзі, вельмі гасцінныя суседзі, яны ўвесь час запрашалі ў госці. Памятаю, што і ў таты была дача, і ў мамы была дача.

– А пра што твая песня, якая прагучыць на «Еўрабачанні»?

– Тэкст маёй песні пра першае каханне. І гэта ўсё праўда. Гісторыя пра першую дзяўчынку, якую я кахаў. Гэта здарылася шэсць гадоў таму і доўжылася год. Але я пра ўсё гэта не забыўся, таму зараз напісаў песню. Пра тое, што я кахаю яе. Але, з іншага боку, закаханы ў казку, разумееш? І казку гэтую больш ніколі не пачую. Таму добра, што я нежанаты і не маю дзяцей, бо спяваю пра старое каханне. Як вы гэта называеце, «холостой»?

– Па-руску «холостой».

– А па-беларуску?

– Па-беларуску «халасты» ці «незаручоны».

Аляксандр Рыбак і яго маці сцвярджаюць, што выхоўваліся не толькі на класічнай музыцы, але і на беларускім фальклоры. Прынамсі, некалькі песень у дзяцінстве Рыбак ведаў.

– Напрыклад, «Купалінку». Маці спявала мне яе, каб я заснуў.

Да размовы далучылася Наталля Валянцінаўна, маці Аляксандра.

– Беларускую мову ён і пачуў дзякуючы песням. Ён вельмі любіць «Купалінку». А ў дзяцінстве любіў «Касіў Ясь канюшыну», песняроўскую.

– Праўда, што ты паспеў папрацаваць з музыкамі легендарнага гурта A-ha, ці гэта журналісты качку запусцілі?

– Так, яны ж таксама з Нарвегіі. Пазнаёміліся мы выпадкова. На адзін з канцэртаў ім быў патрэбны скрыпач, і я быў адзіным скрыпачом у тым месцы. І зараз з салістам A-ha мы іграем у адным фільме. Мы іграем цыган.

– Што гэта за такі фільм?

– Называецца Yohan. Я іграю цыгана, які, безумоўна, іграе на скрыпцы. Вакаліст A-ha іграе майго бацьку. Гэты фільм дзіцячы, але самы буйны ў Скандынавіі.

Пра незвычайны лёс сям’і Рыбакоў, пераезд у Нарвегію і жыццё ў гэтай краіне распавяла маці Аляксандра Рыбака Наталля Валянцінаўна.

– Гэта быў, здаецца 1993 год. Сыну было пяць гадоў. Муж мой, Ігар, іграў доўгі час у мінскім камерным аркестры. Я працавала на беларускім тэлебачанні рэдактарам музычнай рэдакцыі. Але муж атрымаў працу ў Нарвегіі. Часы былі даволі складаныя. Пачала развівацца камерцыя, але мы – людзі некамерцыйныя, таму вырашылі з’ехаць у Нарвегію. Тут было больш спакойна. Я адразу ж знайшла сабе працу. Муж працаваў у оперным аркестры ў Осла.

– Нарвежскія СМІ называюць вас і вашага мужа Ігара вядомымі музыкамі…

– Тут, у Нарвегіі, мы даволі шмат выступаем. Некалькі разоў ездзілі ў турне. Таму, напэўна, нас называюць вядомымі музыкамі. Муж Ігар - скрыпач, апроч гэтага дырыжуе аркестрам і выкладае ў самай вядомай музычнай школе Нарвегіі. Я піяністка і па сумяшчальніцтве арганістка.

– Пашпарты ў вас нарвежскія, ці беларускія таксама захаваліся?

– Саша - грамадзянін Нарвегіі. Бо калі мы пачалі ездзіць у турне, было вельмі складана з беларускім пашпартам. Таму мы змянілі пашпарты і зрабіліся грамадзянамі Нарвегіі.

Пра Аляксандра Рыбака Нарвегія даведалася пасля перамогі ў тэлевізійным конкурсе Kjempesjansen. Гэта аналаг расійскай “Фабрыкі зорак”, толькі менш папсовы. Але такога трыўмфу на адборы да Еўрабачання мала хто чакаў. За Сашу прагаласавала ажно 700 тысяч чалавек. За спявачку, што заняла другое месца, толькі 120 тысяч.

– Гэта неверагодна, нават арганізатары не чакалі, што будзе такі трыумф. Ніводзін раён Нарвегіі не паставіў сына на другое месца, – кажа маці Рыбака.

– У сеціве мы пабачылі фота Сашы, зробленае нібыта на тэатральнай сцэне…

– Саша іграў у тэатры, у спектаклі «Скрыпач на даху». У арыгінале ягоная роля мусіла быць маленькай. Толькі ў пачатку і ў канцы скрыпач павінен быў дзіўным чынам сядзець на даху і іграць. Але калі рэжысёр пабачыў сына па тэлебачанні, то вырашыў: «Гэты хлопец будзе ў мяне іграць». Для Сашы перапісалі ролю. Ён знаходзіўся на сцэне на працягу ўсяго спектаклю. Саша ўвесь час суправаджаў галоўнага героя. Спектакль меў вялікі поспех.

– Вы самі лічыце сына беларусам ці нарвежцам?

– Ён ад нараджэння беларус. Карані ў яго беларускія і з гэтым нічога не паробіш (смяецца, - Еўрарадыё). Тэмперамент і музычнасць у яго таксама беларускія. Ён і спяваў сам па-беларуску. Але не магу сказаць, што сын валодае беларускай мовай. Таму што дома мы размаўляем па-руску. Як, мяркую, гэта адбываецца ў многіх іншых сем’ях на Беларусі.

– А нарвежцы як называюць вашага сына?

– Тут яго называюць нарвежцам. Калі мы прыехалі, ён быў маленькі, адразу ж пайшоў у школу, вывучыў нарвежскую мову. Тут ніхто асабліва не задумваецца над пытаннем, адкуль людзі прыехалі. Чалавек тут жыве, тут працуе, атрымаў тут адукацыю. Таму яго тут прымаюць за свайго.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках