5 траўня 2024, Нядзеля, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваякі выкрадзеных апазіцыянераў патрабуюць не пускаць Лукашэнку ў Літву

19
Сваякі выкрадзеных апазіцыянераў патрабуюць не пускаць Лукашэнку ў Літву

Літоўска-беларускі эканамічны форум, на які збіраецца дыктатар, распачынае працу 16 верасня.

Менавіта ў гэты дзень 10 год таму ў Беларусі былі выкрадзеныя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.

Жонка выкрадзенага экс-старшыні Цэнтрвыбаркама і віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Зінаіда Ганчар накіравала праз літоўскую амбасаду ў Менску зварот на імя прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайтэ. Зварот апроч яе падпісалі Вольга Завадская і Ульяна Захаранка, маці зніклых аператара ОРТ Змітра Завадскага і экс-міністра ўнутраных спраў генерала Юрыя Захаранкі, паведамляе сайт ucpb.org.

Напярэдадні форума прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ сказала, што гатовая асабіста прыняць Аляксандра Лукашэнку, калі той «выкажа такое пажаданне».

Зінаіда Ганчар, Вольга Завадская і Ульяна Захаранка звяртаюцца да прэзідэнта Літвы з лістом, у якім нагадваюць, што «маюцца сур'ёзныя доказы, якія сведчаць пра дачыненне вышэйшых службовых асоб дзяржавы да злачынных дзеянняў», і што «улады Беларусі доўгі час дэманструюць нежаданне аб'ектыўна расследаваць дадзеныя справы, ігнаруючы шматлікія патрабаванні беларускай і міжнароднай грамадскасці». Недапушчальна «дзеля грошай, дзеля карысці заплюшчваць на гэта вочы», перакананыя сваякі выкрадзеных.

Далю Грыбаўскайтэ просяць «прыняць неабходныя меры для таго, каб гэты візіт не адбыўся».

Назіральнікі адзначаюць, што Аляксандру Лукашэнку не шанцуе з замежнымі паездкамі ў заходнім накірунку – усе яны прыходзяцца на знакавыя для Беларусі дні. Увесну беларускі дыктатар збіраўся на саміт «Усходняга партнёрства» у Прагу – сустрэча была прызначаная на 7 траўня. У гэты дзень спаўнялася 10 год з моманту выкрадання экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Гэтае супадзенне выклікала рэзананс у беларускіх недзяржаўных, а затым і ў замежных СМІ. Прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс заявіў, што калі Лукашэнка прыбудзе ў яго краіну, ён не прыме яго ў сваёй рэзідэнцыі і наогул не падасць яму рукі. У выніку беларускі дыктатар вырашыў на саміт не ехаць.

Безумоўна, арганізатары адмыслова не падгадвалі правядзенне сваіх мерапрыемстваў пад тое, каб нагадаць Аляксандру Лукашэнку пра злачынствы яго рэжыму, у арганізацыі якіх да таго ж падазраюць яго персанальна.

Тэма выкрадзеных для кіруючага рэжыму – надзвычай хваравітая. Невыпадкова Менгарвыканкам забараніў правядзенне 16 верасня пікета ў памяць пра Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага на месцы іх выкрадання, пра што ўчора ў офіс Аб'яднанай грамадзянскай партыі прыйшло пісьмовае апавяшчэнне. Арганізатары тым не менш заявілі, што акцыя будзе праведзеная ў гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы Менска.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках