28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў: У беларусаў ёсць байцоўскі ген

33
Віталь Гуркоў: У беларусаў ёсць байцоўскі ген

На тэму, што значыць быць беларусам, разважае чэмпіён свету па тайландскім боксе Віталь Гуркоў.

«Быць беларусам - што гэта значыць?» - Budzma.org і TUT.by працягваюць праект, у якім вядомыя ва ўсіх сферах дзейнасці людзі распавядаюць, што для іх значыць быць беларусам. На пытанні анкеты «Быць беларусам - што гэта значыць?» адказаў Віталь Гуркоў - шматразовы чэмпіён свету па тайландскім боксе. У гэтым годзе ён стаў лепшым байцом К-1 ва Усходняй Еўропе, піша «Наша Ніва».

- Быць беларусам - што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?

- Беларус - той, у каго сямейныя карані тэрытарыяльна звязаныя з нашай зямлёй. Нават калі чалавек будзе крычаць, што ён рускі, ён усё роўна - беларус, хоць і са згубленай самасвядомасцю. Гісторыя размытая, людзі ёй не цікавяцца, таму і «губляюцца».

Быць беларусам, нармальна, сёння - гэта адраджаць гісторыю, мову, нешта рабіць для Беларусі.

Напрыклад, зборная па тайландскім боксе - гэта беларусы. Мы ездзім па свеце, часта перамагаем, крычым «Беларусь!», апрануўшы нашыя «боршч»-касцюмы (яны чырвона-зялёна-белыя, як боршч са смятанай). І многія даведаюцца, што на зямлі ёсць такая краіна.

- Якія ўнікальныя беларускія рысы характару і светапогляду ўласцівыя беларусам?

- На жаль, нашая ўнікальная рыса - аморфнасць і абыякавасць да сваёй культуры, мовы і гісторыі. Сапраўды ў свеце мала народаў, якія так жа, як беларусы, свядома топчуць тое, чым павінны ганарыцца.

- Назавіце тры/пяць асноўных падзей у гісторыі Беларусі, без ведання якіх - беларус не беларус.

1. Пераклад Бібліі на беларускую мову Францыска Скарыны. Гэты знакаміты беларускі дзеяч, дарэчы, даў нашаму народу настаўленне ў кнізе «Юдзіф» пра тое, што перш за ўсё трэба любіць сваю зямлю і сваю мову.

2. Грунвальдская бітва, у якой нашае войска (ВКЛ) сумесна з палякамі ў 1410 годзе разбіла крыжаносцаў.

3. Кар'ера нашага военачальніка Канстанціна Астрожскага, які пад Воршай разбіў утрая большае маскоўскае войска ў 1514 годзе.

4. Падзелы Рэчы Паспалітай. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне складалася з дзвюх частак і з'яўлялася канфедэрацыяй Польшчы і Вялікага княства Літоўскага (гістарычная назва Беларусі). У 1795 годзе краіну падзялілі. Землі Вялікага княства адышлі да Расеі, што нанесла па нашай гераічнай гісторыі асноўны ідэалагічны ўдар.

5. Вялікая Айчынная вайна. У гэтай самай крывавай вайне ў гісторыі чалавецтва найбольш пацярпела нашая зямля. І, нягледзячы на гэта, мы вытрымалі і сёння маем патэнцыял і рэзерв абараняць сваю незалежнасць і ўзмацняцца.

- Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?

- Беларусы павінны паважаць і хрысціянскія, і народныя традыцыі. У мяне перад вачыма прыклад - краіна Мексіка. Там хрысціянства і нейкія старажытныя традыцыі і веравызнанні спляліся ў гарманічны сімбіёз. Абсалютная талерантнасць да свайго.

- Беларус без ведання беларускай мовы ці беларус?

- На жаль, гісторыя разгарнулася так, што не кожны беларус гэтым цікавіцца - наступствы апалячвання, русіфікацыі. І што цяпер, не лічыць яго беларусам? Безумоўна, думаючы чалавек павінен разумець - хто ён, адкуль, якую мову ён павінен выкарыстоўваць, вывучаць, паважаць.

- Чым беларускім вы ганарыцеся?

- Бульбай, чыпсамі, гарэлкай «Бульбаш», хакеем, трактарамі і пераможцамі «Дажынак»:). А калі сур'ёзна, ганаруся гістарычнымі падзеямі, пра якія згадаў вышэй. І тым, што беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген, які, праўда, трэба абуджаць.

- Што робіць беларусаў адметнымі ва ўсім свеце?

- Вялікая колькасць людзей, якая істотна паўплывала на сусветную гісторыю, - ураджэнцы Беларусі. Першы і цяперашні прэзідэнты Ізраіля (Вейцман і Перэс), шматлікія нобелеўскія лаўрэаты, стваральнікі амерыканскай мафіі (кекс з-пад Бабруйска), нацыянальны герой Чылі (Ігнат Дамейка), род Радзівілаў і гэтак далей.

- Якой вы бачыце будучыню Беларусі?

- Цяжкае пытанне. Хацеў бы бачыць вольны, самадастатковы народ, у якога ёсць гонар, які паважалі б ва ўсім свеце.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках