2 траўня 2024, Чацвер, 16:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдаты ў прэзідэнты сарвалі сцэнар улады і заклікалі беларусаў на Плошчу (Відэа)

591
Кандыдаты ў прэзідэнты сарвалі сцэнар улады і заклікалі беларусаў на Плошчу (Відэа)

На дэбатах у эфіры БТ кандыдаты ад апазіцыі заклікалі беларусаў выйсці 19 снежня, у 20.00 на плошчу і адстаяць права выбару.

Перад пачаткам тэледэбатаў стала зразумела, што ўлады падрыхтавалі свой сцэнар, мэта якога - выставіць кандыдатаў у прэзідэнты ў самым нявыгадным святле. Па БТ круцілі ролікі, у якіх паведамлялася, што гледачы неўзабаве ўбачаць «9 аднолькавых кандыдатаў» і пачуюць «9 аднолькавых праграмаў».

Арганізатары дэбатаў адмаўляліся да апошняга часу называць вядучых і адмовіліся зрабіць вядучым чалавека, якога прапанавалі кандыдаты ў прэзідэнты - прадстаўніка Яраслава Раманчука, вядомага эканаміста Леаніда Заіку. Згодна з правіламі правядзення дэбатаў, вядучага прапаноўваюць самі ўдзельнікі. На справе, імі апынуліся Юрый Пракопаў - аўтар прапагандысцкіх і паклёпніцкіх перадачаў пра апазіцыю на БТ, і такі ж па ўзроўні маральнай і журналісцкай сумленнасці Андрэй Крывашэеў.

Стаўленне да апазіцыйных палітыкаў было хамскім. Прадстаўніца БТ, якая кантактавала з кандыдатамі ў прэзідэнты да эфіру, называла іх «хлопцамі», давераных асобаў кандыдатаў не пусьцілі ў студыю і не далі ім памяшкання з маніторамі. Галоўны спецыяліст службы бяспекі БТ Мікалай Дзмітрыевіч Лук'янаў паведаміў, што ёсць загад не пускаць давераных асобаў кандыдатаў студыю. У выніку прадстаўнікам кандыдатаў прапанавалі сядзець у пакоі без манітораў, ці глядзець тэлевізар, які знаходзіцца за прахадной БТ.

«Было бачна, што яны страшэнна напалоханыя. Яны разумеюць, наколькі важная прысутнасць у студыі падчас дэбатаў давераных асобаў. Да таго ж шмат хто працаваў раней на тэлебачанні, мог даць парады, як настроіць святло, які лепшы план. Сцэнар правядзення дэбатаў хавалі, хоць напярэдадні любога ток-шоу ўдзельнікам павінны яго паведаміць. Хамства было неверагодным, але кандыдаты не сталі гуляць па сцэнары ўлады», - распавёў адзін з кіраўнікоў штаба Андрэя Саннікава Зміцер Бандарэнка.

Першым у эфіры выступіў кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.

«Я прыйшоў у студыю, каб выкарыстаць усе магчымасці, якія нам падаюць для таго, каб звярнуцца да вас. Вы, напэўна, разумееце, што гэта чарговая хлусня БТ, гэта не дэбаты. Вы, напэўна, бачылі сапраўдныя дэбаты ў кіно ці па тэлебачанні іншых краінаў. Тым не менш, я прыйшоў, каб выказаць вам сваю павагу, каб падзякаваць вам за падтрымку, якую вы аказалі мне, іншым альтэрнатыўным кандыдатам. Каб сказаць, што сёння ў Беларусі гістарычны шанец. Дзяржаўная машына прабуксоўвае, на ёй мы далёка не задзем. Час змяняць лысую гуму! Мы ўсе можам памяняць жыццё ў сваёй краіне. Мы ўсе можам сустрэць новы год у свабоднай Беларусі. Беларусы неаднаразова бралі лёс сваёй зямлі ў свае рукі. І гэтым разам нам выпаў такі гістарычны шанец. Гісторыя робіцца сёння! Гісторыю робім мы! І разам мы пераможам!», - заявіў напачатку дэбатаў Андрэй Саннікаў.

Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў адмовіўся ўдзельнічаць у дэбатах, але скарыстаўся выпадкам, каб заклікаць усіх выйсці ў дзень выбараў на вуліцы.

«Гэта ніякія не палітычныя дэбаты. Фармат палітычных дэбатаў - гэта ўдзел таго, хто пры ўладзе, і таго, хто на гэтую ўладу прэтэндуе. Вось - тыя, хто прэтэндуе, а дзе той, хто пры ўладзе, хто павінен адказваць на нашыя пытанні? Напрыклад на такія: чаму мы пасварыліся з Расеяй? Чаму ў краіне, народ якой працуе і працуе, няма і няма грошай? Яны дзе? Хто іх крадзе? Каму задаваць гэтыя пытанні? Саннікаву? Так мы з ім заадно! Мы хочам звергнуць гэты рэжым, які не адказвае на нашыя пытанні! І таму, паважаючы вас, паважаючы ўсіх, хто ёсць тут, я не бачу ў гэтых тэледэбатах ніякага сэнсу, ніякага толку, і таму іх пакідаю. Карыстаюся момантам яшчэ раз заклікаць вас прыйсці на Плошчу, не ісці на датэрміновае галасаванне, а прыйсці 19 снежня на Плошчу. Я заклікаю прыйсці на Плошчу паважаных людзей, дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў. Няхай вашае слова ўдыхне ў людзей веру і дапаможа захаваць на плошчы парадак і бяспеку. Да сустрэчы на Плошчы, куды мы паклічам і таго чалавека, які не прыйшоў сёння ў студыю размаўляць з намі. Вось там мы з ім пагаворым, там падэбатуем» - заявіў Някляеў.

Учынак Уладзіміра Някляева выклікаў апладысменты з боку Андрэя Саннікава. Вядучыя адразу ж пачалі абражаць паэта, заявіўшы, што Уладзімір Някляеў, відаць, лічыць, што яго праграму можа лепш прадставіць яго тумбачка. Крывашэеў паспрабаваў нават распавесці анекдот пра паручніка Ржэўскага, аднак яго хамства сустрэла адпор іншых кандыдатаў, і ён быў вымушаны замаўчаць. Кандыдат ад партыі БХД Віталь Рымашэўскі ў выніку спытаў, а дзе ж сам Лукашэнка: «Можа ён хаваецца за тумбачкай Някляева і баіцца паказацца?».

Беларускі дыктатар, нагадаем, адмовіўся ад удзелу ў дэбатах з апазіцыйнымі палітыкамі. Ён аддае перавагу маналогам ў эфіры беларускіх тэлеканалаў, займаючы амаль увесь эфір БТ кожны дзень.

Закрануў тэму адсутнасці Лукашэнкі на тэледэбатах лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч. Палітык звярнуўся наўпрост да Лукашэнкі:

«Калі верыць БТ, дык у цябе завоблачны рэйтынг. Тады чаго ты баішся? У чым праблема? Правядзі сумленныя выбары. Адмяні датэрміновае галасаванне, пусці апазіцыю ў выбарчыя камісіі і публічна правядзі падлік бюлетэняў. І тады мільярды даляраў і еўра пойдуць з Захаду ў беларускую эканоміку, і прэзідэнты і прэм'еры нармальных краінаў не будуць бегаць ад цябе, а, наадварот, у чаргу выстраяцца. Але ж ты баішся гэта зрабіць. І не трэба ля-ля нам тут пра свой круты рэйтынг, гэты рэйтынг у цябе даўно ўжо глыбока і безнадзейна ўпаў!», - заявіў Статкевіч.

Вядучыя Пракопаў і Крывашэеў спрабавалі звесці выступы кандыдатаў спачатку ў тэму нібыта «прарасейскасці» некаторых кандыдатаў. Аднак, лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, якога папрасілі патлумачыць, чаму ён назваў у сваім тэлевыступе Саннікава і Някляева «прарасейскімі кандыдатамі», на правакацыю не павёўся. Палітык сказаў, што абмеркаваў гэтыя пытанні асабіста з гэтымі людзьмі і адмаўляецца ад дапамогі БТ у гэтым пытанні.

Тады вядучыя БТ звярнуліся з тым жа пытаннем да Саннікава.

«Мы папярэдне, да пачатку гэтай ілжывай перадачы дамовіліся ігнараваць пытанні тых людзей, якіх мы не абіралі, не ўзгаднялі. Я збіраюся гэтай дамоўленасці прытрымлівацца. Я хачу звярнуцца да людзей і сказаць, што хопіць ўжо трываць. 16 гадоў нам абяцалі райскае жыццё. Да чаго мы дайшлі? Да таго, што перасварыліся з усімі суседзямі, да таго, што набралі крэдытаў, якія ляглі на ўвесь народ, і мы не зможам іх выплаціць. Да таго, што сорамна ўжо за Беларусь, за тое, што гэта апошняя дыктатура ў Еўропе. Народ страціў права абіраць. Народ страціў права кантраляваць гэтую ўладу. Неабходна, як мага хутчэй вярнуць у краіну законнасць. І гэта галоўнае - народ павінен атрымаць права выбару», - заявіў кандыдат у прэзідэнты.

Асобна Андрэй Саннікаў звярнуўся да афіцэраў ўзброеных сілаў, міліцыі, супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

«Вы ведаеце выбар народа, проста выконвайце закон. Проста будзьце грамадзянамі сваёй краіны. І мы вельмі хутка будзем жыць у свабоднай Беларусі!».

Наогул тэма ўзаемаадносінаў з Расеяй падаваліся вядучымі выключна ў негатыўным святле, яшчэ раз пацвярджаючы, што стасункі цяперашніх уладаў з суседняй краінай сёння крытычныя.

У адказ на хамства вядучых і абразлівыя рэплікі, якія, праўда, адразу ж рэзка парыраваліся ўдзельнікамі дэбатаў, Андрэй Саннікаў, звяртаючыся да грамадзянаў Беларусі, заявіў:

«Беларускае тэлебачанне - гэта нашае тэлебачанне. Тэлебачанне, якое трымаем мы. Грамадзяне Беларусі, патрабуйце прамога эфіру для ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Пішыце лісты, тэлефануйце, прыходзьце да тэлебачання. Вы бачыце, што ў нас некалькі альтэрнатыўных кандыдатаў. Ва ўсіх ёсць нармальныя цікавыя прапановы. У гэтыя рамкі нас загналі для таго, каб вызваліць сабе два тыдні для хлусні, для бруду, які на нас будуць ліць. Гэта абразліва для нас і для вас. Патрабуйце захавання вашых правоў. Гэта вашае тэлебачанне. Гэта нашая краіна».

Падчас дэбатаў кандыдаты ад апазіцыі ўзнімалі тэмы фальсіфікацыі ў Беларусі вынікаў выбараў, заклікалі не галасаваць датэрмінова, распавядалі пра свае праграмы і ўзаемаадносіны з Расеяй і Еўразвязам. Усе адзначалі, што жыць так як сёння нельга, краіне патрэбныя перамены і развіццё, а пры цяперашнім рэжыме Беларусь чакае эканамічны крах і ізаляцыя.

У канцы дэбатаў Андрэй Саннікаў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі і Мікалай Статкевіч заклікалі беларусаў 19 снежня, у 20.00 выйсці на плошчу.

«Дарагія суайчыннікі! На сустрэчах з вамі я бачу шчаслівыя вочы свабодных людзей, надзею ў гэтых вачах, і сапраўды ў нас сёння ёсць гістарычны шанец, на нас глядзіць увесь свет. Увесь свет верыць, што Беларусь стане свабоднай, што беларускі народ вызваліць сваю краіну. Сустрэнемся 19 снежня ў 20.00 на плошчы ў Менску для таго, каб пачакаць вынікаў выбараў і адсвяткаваць нашую перамогу ці прыняць іншае рашэнне», - заявіў Андрэй Саннікаў.

«Адзін вялікі славянін сказаў: «Не бойцеся!». Салідарнасць выратавала Еўропу. Я заклікаю вас не баяцца і выходзіць 19 снежня на плошчу!», - Заявіў Яраслаў Раманчук.

«Мы павінны абараніць сваё права на свабодныя выбары. Сустрэнемся 19 снежня на плошчы і абаронім нашую свабоду!», - заклікаў Віталь Рымашэўскі.

«Лукашэнка сёння - гэта камень на дарозе, які трэба прыбраць! 19 снежня - дзень вялікай прыборкі, - заявіў Мікалай Статкевіч і зноў звярнуўся да Лукашэнкі: - А ты вярні, што скраў! Вярні выбары! Інакш мы прыйдзем і забярэм самі!».

Напісаць каментар 591

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках