4 траўня 2024, Субота, 4:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Судовыя выканаўцы апісалі маёмасць фірмы Анжалікі Борыс (Фота)

Сёння ў гарадзенскую фірму «Палонік» прыйшлі судовыя выканаўцы. Іх суправаджаў маёр міліцыі.

Маёр міліцыі чакаў за дзвярыма, аднак неўзабаве яго запрасіла ў памяшканне жанчына судовы выканаўца, калі супрацоўнікі фірмы запратэставалі супраць таго, каб яна фатаграфавала ў памяшканні, паведамляе «Радыё Свабода».

За дзвярыма сваёй чаргі таксама чакалі наведвальнікі, якім у «Палоніку» аказваюцца турыстычныя, візавыя паслугі.

Намеснік кіраўніка фірмы па гаспадарчых пытаннях Мечыслаў Яскевіч адзначыў:

«Яны павінны мець дакументы, якія сведчаць, што судовыя выканаўцы прыйшлі да нас з праверкай з нагоды судовага рашэння. Але гэты дакумент павінен быць і ў нас загадзя. Кіраўніцтва фірмы няма, усе з'ехалі. І раптам з'яўляецца міліцыя з судовымі выканаўцамі і патрабуюць дакументы. Судовы выканаўца ўсіх фатаграфуе, але мы з гэтым не згаджаемся, мы не хочам, каб нас фатаграфавалі, мы зараз працуем, тут шмат людзей прыходзіць, і людзі абураюцца».

Некалькі дзён таму стала вядома, што рахунак фірмы «Палонік» заблякаваны, паколькі яна аштрафаваная на 71 мільён рублёў. Суд палічыў, што фірма, атрымліваючы грошы ад «Вспульноты польскай» на сваю дзейнасць, павінна была афармляць іх як гуманітарную дапамогу.

Дырэктарам «Палонік» з'яўляеццаАнжаліка Борыс, лідэр незарэгістраванага Саюза палякаў, які ажыццяўляў праз фірму сваю адукацыйна-культурную дзейнасць.

Як перадае «Радыё Рацыя», судовыя выканаўцы апісалі маніторы, кампутары, мэблю, іншую тэхніку. Яны таксама хацелі апісаць тую маёмасць, якая належыць, паводле дамовы, генеральнаму консульству Рэспублікі Польшча ў Гародні. Аднак бухгалтар адмовілася прадстаўляць такія дакументы, спаслаўшыся на тое, што адсутнічае ў дадзены момант кіраўніцтва.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках