12 траўня 2024, Нядзеля, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чэрвеньскі рынак закрываецца: Больш за тысячу прадпрымальнікаў выкінутыя на вуліцу

88

На месцы рынку іранцы пабудуюць гандлёвы цэнтр.

31 кастрычніка ў актавай зале менскай сярэдняй школы № 55 прайшла сустрэча прадпрымальнікаў Чэрвеньскага рынку з прадстаўнікамі Менгарвыканкама і адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні камітэта эканомікі Менгарвыканкама, начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Аляксандр Каліноўскі, Чэрвеньскі рынак у Менску спыніць працу 1 студзеня 2012 года.

«Плануецца, што рынак закрыецца з 1 студзеня 2012 года, - сказаў ён. - Пачнецца пытанне вынасу альбо пераносу прадпрымальнікаў на іншыя аб'екты. Ён будзе цэнтралізаваным, гэта звязана з тым, што ў іх ралетных боксы, шапікі, павільёны, для перамяшчэння якіх патрэбная тэхніка, краны, пляцоўкі. Адміністрацыя гандлёвага аб'екта гатовая ўзяць на сябе частку выдаткаў і арганізацыйную працу па вынасе або перамяшчэнні гандлёвых месцаў на іншыя аб'екты».

Як чакаецца, іранская кампанія «Дзідас» пачне падрыхтоўчыя працы па будаўніцтве гандлёвага цэнтра на тэрыторыі гэтага рынку ў сярэдзіне студзеня 2012 года.

Улетку гэтага года са старшынём Менгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам прадпрымальнікамі Чэрвенскага рынку было ўзгоднена, што для іх падрыхтуюць новую пляцоўку ў мікрараёне Лошыца, куды прадпрымальнікі змогуць пераехаць да пачатку рэканструкцыі рынку.

Аднак на сустрэчы арандатараў гандлёвых кропак на рынку і прадстаўнікоў гарадскіх уладаў 31 кастрычніка ў Менску Каліноўскі паведаміў, што на сёння прадпрымальнікам «няма куды перамяшчацца».

Будаўніцтва новай пляцоўкі наўзамен Чэрвеньскага рынку яшчэ не распачатае, паколькі на гэта не былі прадугледжаны бюджэтныя сродкі, у той час як эканамічная сітуацыя ў краіне «рэзка змянілася», сказаў ён.

Выступоўцы-прадпрымальнікі вылучалі такія аргументы прадстаўнікам улады:

«У 1991 годзе дробным прадпрымальнікам дазвалялі не плаціць арэндную плату, падатак, каб людзі маглі выжыць. А тут выкідваюць на вуліцу больш за тысячу чалавек».

«Калі вы не можаце нас перамясціць, пацягніце арэнду на два гады».

«Вы робіце як вам выгадна, а 1.300 чалавек застаюцца без сродкаў да існавання».

Прадстаўнікі ўладаў прапанавалі прадпрымальнікам перамясціцца на шэраг іншых гандлёвых аб'ектаў, сярод якіх «Ждановічы» і Камароўскі рынак.

Такое становішча рэчаў задаволіла далёка не ўсіх, і прадпрымальнікі вырашылі звярнуцца ў Адміністрацыю Лукашэнкі са скаргай на тое, што гарадскія ўлады збіраюцца закрыць Чэрвеньскі рынак да стварэння новай гандлёвай пляцоўкі.

Каліноўскі заявіў БелаПАН, што, «на сённяшні дзень прадпрымальнікаў, якія гандлююць харчовымі таварамі, гатовыя забраць, працаўладкаваць і даць магчымасць працягваць прадпрымальніцкую дзейнасць на Камароўскім рынку».

«Таксама гатовыя разглядаць прапановы прадпрымальнікаў, якія жадаюць працягнуць дзейнасць на рынку «Ждановічы», - адзначыў чыноўнік, дадаўшы, што «гучалі прапановы з ільготнымі стаўкамі арэнднай платы да 50% на перыяд раскручвання бізнесу».

Пры гэтым «асаблiвы клопат» Менгарвыканкам гатовы праявіць для такіх сацыяльных катэгорый, як інваліды, ветэраны, пенсіянеры, тых, «каму сёння фізічна складана займацца пытаннямі перамяшчэння, пошукаў новага месца».

Старшыня савета рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка у сваю чаргу заявіў у інтэрв'ю БелаПАН, што прыняўшы рашэнне закрыць Чэрвеньскі рынак у Менску, без пабудовы новай гандлёвай пляцоўкі наўзамен, гарадскія ўлады «кінулі» прадпрымальнікаў і жыхароў сталіцы:

«Першымі былі ліквідаваныя кіёскі, цяпер яны ліквідуюць рынкі, не пытаюцца меркавання простых людзей. Засмучае тое, што чыноўнікі высокага ўзроўню, як Ладуцька, кажуць адно, а потым бяруць свае словы назад і, прыкрываючыся нейкімі міфічнымі праблемамі, кідаюць прадпрымальнікаў на волю лёсу».

Довады гарадскіх уладаў аб тым, што эканамічная сітуацыя ў краіне не дазваляе зараз абсталяваць новую гандлёвую пляцоўку для прадпрымальнікаў рынку, Шумчанку не пераканалі. «Па-мойму, Чэрвеньскі рынак - гэта паспяховы камерцыйны праект, на які знайсці грошы не складана, тым больш у нас ёсць банкі», - адзначыў лідэр «Перспектывы».

Шумчанка выказаў меркаванне, што ў чэрвені, калі абодва бакі прыйшлі да кампраміснага рашэння, гарадскія ўлады «проста супакоілі» прадпрымальнікаў, «а цяпер назвалі рэчы сваімі імёнамі». Кіраўнік аб'яднання сказаў, што ў выніку закрыцця рынку пацерпяць каля тысячы прадпрымальнікаў, «а з улікам іхніх сем'яў - каля 5-10 тысяч чалавек». «Не варта забывацца, што для многіх гэта адзіная крыніца прыбытку», - адзначыў ён.

Лідэр «Перспектывы» прапанаваў кіраўніцтву Менгарвыканкама сысці ў адстаўку, калі «Ладуцька не здзейсніць паўторны ваяж да прадпрымальнікаў і не пацвердзіць свае словы, сказаныя ў чэрвені».

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках