13 траўня 2024, панядзелак, 10:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрыева будуць судзіць за ўдзел у сходзе дачнікаў

20
Дзмітрыева будуць судзіць за ўдзел у сходзе дачнікаў

Намеснік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў быў выкліканы ў РАУС Смалявіцкага для дачы паказанняў у сувязі з фактам правядзення сходу cябрамі садоўніцкіх таварыстваў 10 сакавіка.

Размова Дзмітрыева і маёра Мартысюка доўжылася больш за гадзіну. На Дзмітрыева быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 23.34.1 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 30-ці базавых велічынь або адміністрацыйнага арышту, паведамляе прэс-служба «Гавары праўду!».

«На думку маёра Мартысюка, сход дачнікаў падпадае пад закон «больш за трох не збірацца», бо ў ім удзельнічалі не толькі сябры садоўніцкага таварыства, на тэрыторыі якога праходзіў сход, і абмяркоўвалі на ім пытанне аб стварэнні грамадскага аб'яднання «Свая сотка», а гэтае пытанне не ёсць прадмет статутнай дзейнасці таварыства.

Калі прытрымлівацца такой логікі, то і працоўныя завода, якія захочуць галосна абмеркаваць нейкую праблему на тэрыторыі прадпрыемства, аўтаматычна падпадуць пад дзеянне гэтага закона.

Акрамя гэтага, маёр Мартысюк стаў пераконваць мяне ў тым, што жыхары Смалявіцкага раёна ў асноўным падтрымліваюць ідэю будаўніцтва тэхнапарку, бо чакаюць ад рэалізацыі праекта пэўных выгод: стварэння працоўных месцаў і развіцця інфраструктуры.

Суд па факце правапарушэння адбудзецца ў бліжэйшы час. Аднак я хачу сказаць наступнае. Мы не хочам акцэнтаваць увагу на ціску з боку ўладаў. Мы дамагаемся іншага эфекту: трэба, каб улады прымалі адкрытыя рашэнні і прыслухоўваліся да голасу грамадзянаў, калі справа непасрэдна тычыцца іхняга - грамадзянаў - дабрабыту.

А нервовая рэакцыя ўладаў на нашыя дзеянні - прыцягненне міліцыі, а цяпер яшчэ і суддзяў - кажа аб тым, што сітуацыя не такая адназначная: улады губляюць аўтарытэт у вачах грамадскай думкі.

На развітанне я даў маёру Мартысюку інтэрнэт-спасылку на расейска-кітайскі размоўнік. Хай вучыць кітайскую мову, раз ужо так хоча, каб у раёне быў пабудаваны кітайскі тэхнапарк», - сказаў Дзмітрыеў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках