18 траўня 2024, Субота, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турызм па-беларуску: лічбы ёсць, а турыстаў няма

27
Турызм па-беларуску: лічбы ёсць, а турыстаў няма

Чыноўнікі зноў робяць шматабяцаючыя заявы аб развіцці турызму ў Беларусі.

Аднак, нават з улікам верагоднага прыезду вялікай колькасці хакейных балельшчыкаў у 2014 годзе, абнадзейвацца не варта.

Афіцыйны Менск разлічвае, што ў 2015 годзе экспарт беларускіх турпаслуг дасягне $480 млн. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў № 724, якой унесены змены ў дапаўненне Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Беларусі на 2011-2015 гады, пішуць "Белорусские новости".

Для даведкі, у 2010-м наша краіна зарабіла на замежных турыстах $138,1 млн., у 2011-м - $175 млн. У бягучым годзе экспарт беларускіх турпаслуг павінен скласці $190 млн., у 2013 годзе - $250 млн., а ў 2014 -м - $360 млн.

У мінулым годзе, паводле афіцыйных дадзеных, у рэспубліцы пабывалі амаль 4,5 млн. прадстаўнікоў іншых краін, у тым ліку 130 тыс. арганізаваных турыстаў. У 2015 годзе, паводле прагнозаў урада, Беларусь наведаюць 6,5 млн. іншаземцаў падчас службовых, прыватных і турыстычных паездак, у тым ліку 190 тыс. арганізаваных турыстаў.

Ці атрымаецца забяспечыць такія паказчыкі? Нічога нерэальнага няма, лічыць рэдактар газеты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік. «Я ў гэтыя лічбы веру - быў бы добры план», - распавяла яна.

«Не сакрэт, што мы робім стаўку на расейскі вектар - гэта значыць, турыстаў эканом-класа, а таксама на чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе, - кажа яна. - Але калі мы паглядзім на тое, чаго мы ўжо дасягнулі - той жа расейскі вектар - то ўбачым, што яно атрымалася спантанна, а не таму, што мы планавалі. Праграмы, маркетынгу, інвестыцый не назіраецца. Хоць яшчэ гадоў 7-8 назад пісалася, што трэба звярнуць увагу на расейскіх турыстаў».

І нават сёння, паводле слоў спецыяліста, Беларусь не вельмі імкнецца ўтрымаць расейскіх гасцей: «Мы зараз трымаем вектар расейцаў, але як мы над ім працуем? Санаторыі паднялі кошты, і калі так будзе працягвацца, то незразумела, што будзе з гэтымі турыстамі». Не відаць і стварэння новых шляхоў прыцягнення і турыстаў з іншых краін.

Да таго ж, адзначае Лілія Кобзік, у Беларусі ў развіцці турызму «занадта моцна» удзельнічае дзяржсектар: «У многіх краінах нават няма такога міністэрства - усё вырашацца на ўзроўні муніцыпалітэта, супольнасці. Любы бургамістр ў Польшчы лепш ведае, як развіваць турызм, чым наш профільны чыноўнік, таму што ён жыве з гэтага».

І не факт, што грошы, атрыманыя ад экспарту турпаслуг, чыноўнікі не палічаць па тым жа прынцыпе, што і лічаць турыстаў - гэта значыць, па колькасці ўездаў у краіну. «Заяўленых лічбаў дасягнуць можна, - кажа спецыяліст. - Але што да такіх даходаў будзе прылічана -пытанне. Вось як у нас турыстаў лічаць - па перасячэннях мяжы. І так атрымліваецца 4 мільёны, хоць у Літве - усяго 2... ».

«Лічбы могуць быць выкананы, але я сумняваюся, што наш турызм будзе ўяўляць сабой цывілізаваны сучасны турызм у поўным разуменні слова, - дадае Лілія Кобзік. - Сёння Беларусь ператвараецца ў краіну-казіно. Як будзе выглядаць турызм пры гэтым?.. Можа, гэтыя грошы і будуць рэальна заробленыя. Турыстычны рост у Беларусі за паўгода склаў 10%, гэта рэальныя лічбы, але я не бачу ў нас турыстаў. Таму пачынае здавацца, што вось ён твар нашага турызму - лічбы ёсць, а турыстаў няма».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках