10 траўня 2024, Пятніца, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Друкарня «Карандаш»: «экстрэмісцкаму «Радыё Свабода» друкаваць не будзем»

56
Друкарня «Карандаш»: «экстрэмісцкаму «Радыё Свабода» друкаваць не будзем»

Мапу Усходніх могілак у Менску друкарня расцаніла як экстрэмісцкі матэрыял.

«Радыё Свабода» падрыхтавала мапу Усходніх могілак «Беларускі некропаль» з указаннем магіл 50 выбітных беларусаў, якія прысвяцілі жыццё беларускай справе, культуры ці мове. Аднак менская друкарня палічыла яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовілася браць заказ.

Мапу павінен быў надрукаваць цэнтр «Карандаш», які знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў Менску. На этапе падрыхтоўкі да друку пытанняў не ўзнікла: напярэдадні былі зробленыя пробныя экземлпяры і складзены заказ. Сёння адміністратар друкарні Алена Рыбак (на фота) заявіла, што лічыць матэрыялы агітацыйнымі, а «Радыё Свабода», сайт якога пазначаны на мапе, - антыдзяржаўным, а таму цэнтр адмаўляецца іх друкаваць.

Алена Рыбак спаслалася на ўнутраную інструкцыю цэнтра «Карандаш»:

- Мы не праводзім друк любых матэрыялаў парнаграфічнай, экстрэмісцкай, нацысцкай антыдзяржаўнай накіраванасці, а таксама агітацыйных матэрыялаў, якія змяшчаюць прыкметы перадвыбарчай агітацыі, агітацыі па пытаннях рэферэндуму і тых, якія могуць быць ужытыя падчас правядзення грамадска-палітычных акцый і кампаній.

Радыё пацікавілася ў Алены Рыбак, пад які з названых пунктаў падпадае друк мапы Усходніх могілак:

- У гэтай мапе вы спасылаецеся на розныя крыніцы накшталт «Радыё Свабода» і гэтак далей. Толькі што я наведала гэты сайт і канкрэтна ўбачыла, што яны там вельмі актыўна размяшчаюць розныя карыкатуры на нашых супрацоўнікаў КДБ. Мякка кажучы, іх гонар і годнасць, відавочна, парушаюцца, - падкрэсліла Алена Рыбак.

На пытанне, ці з'яўляецца сайт забароненым, экстрэмісцкім або антыдзяржаўным, адміністратар друкарні адказала:

- Асабіста я думаю, што так. Можа, ён і не забаронены, але я там знайшла фатаграфію, якая абражае супрацоўнікаў КДБ.

- Вы надрукуеце мапу, калі там не будзе спасылкі на гэты сайт?

- У мяне ёсць сумневы, хоць і не было магчымасці пачытаць файл, але не магу цалкам гарантаваць, што вы там ні да чаго экстрэмісцкага не заклікалі.

- Гэта значыць, вы лічыце, што мапа Усходніх могілак можа быць экстрэмісцкім матэрыялам?

- Я расцэньваю, што гэты матэрыял можа выкарыстоўвацца не ў нейкіх рэкламных, а ў мэтах прызыву да нейкіх дзеянняў. Сама мапа - не, але мяне турбуе, што ў вас тут паўсюль стаіць спасылка на «Радыё Свабода», якое высмейвае на сваім сайце нашых аператыўных упаўнаважаных асоб, выстаўляе іх у дурным святле.

Нагадаем, раней друкарня «Карандаш» неаднаразова адмаўляла прадстаўнікам беларускіх апазіцыйных рухаў і прафсаюзаў у друку матэрыялаў і маек.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках