17 траўня 2024, Пятніца, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінгандлю наважыла прытаўчы прадпрымальнікаў

199
Мінгандлю наважыла прытаўчы прадпрымальнікаў

Улады мерацца адбіраць і знішчаць тавары без дакументаў.

Пра гэта сёння заявіла намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч падчас online канферэнцыі на сайце БелТА.

Яна нагадала, што з 1 лістапада дзяржаўныя наглядныя органы пачалі маніторынг гандлёвых аб'ектаў, каб праверыць, як выконваюцца патрабаванні аб пацверджанні бяспекі і якасці тавараў лёгкай прамысловасці. Ужо праверана больш за 120 рынкаў краіны.

«Мы праверылі толькі трэцюю частку рынкаў. Мы спецыяльна зрабілі такі зрэз, каб разумець, што ў цэлым у краіне адбываецца, паведаміць ураду і пазначыць, што ж рабіць далей з таварам», - патлумачыла намесніца міністра.

З ейных слоў, галоўная праблема, з якой сутыкнуліся правяральнікі, - гэта не адсутнасць сертыфікатаў аб адпаведнасці тэхрэгламенту МС, а адсутнасць якога-небудзь маркавання на таварах.

«Гэта інфармацыя пра вытворцу або прадаўца тавару, ягоны адрас, месца знаходжання, інфармацыя аб спажывецкіх уласцівасцях тавару. Калі браць лёгкую прамысловасць, то гэта памер, склад. А гэтай інфармацыі няма. Тады ўзнікае пытанне, а што ж мы прадаем у Рэспубліцы Беларусь? Што гэта за тавар ? Ён незразумелага паходжання. Гэты тавар парушае заканадаўства Беларусі, і рэч нават не ў тэхнічным рэгламенце», - заявіла Ірына Наркевіч.

Намесніца міністра падкрэсліла, што такіх тавараў на рынках быць не павінна.

«Прагучалі заявы, каб з 1 снежня спыніць наогул прадаваць гэты тавар. І я магу паўтарыць, што тавар без азначэння вытворцы і поўнага маркавання не можа рэалізоўвацца нідзе ў Рэспубліцы Беларусь ні 1-га снежня 2013 года, ні 1-га студзеня 2014 года, ні 1-га ліпеня 2014 года», - сказала яна, маючы на ўвазе гучныя заявы віцэ-прэм'ера Пятра Пракаповіча пра тое, што ўжо прынятая пастанова і ўносіцца адпаведны нарматыўны дакумент, каб з 1 снежня забараніць індывідуальным прадпрымальнікам прадаваць тавар, які не мае пацвярджальных дакументаў.

У Мінгандлю тлумачаць, што праблема, пра якую ідзе гаворка, звязаная з суб'ектамі гаспадарання Беларусі, для якіх былі ўстаноўленыя асобныя правілы гандлю - яны маглі гандляваць таварамі на рэчавых рынках без пацвярджэння адпаведнасці абавязковым патрабаванням, і не толькі лёгкай прамысловасці і ўсімі астатнімі, у тым ліку дзіцячымі, посудам, электрапрыладамі. Гэта значыць, для астатніх індывідуальных прадпрыемцаў пацверджанне абавязковае, а для платнікаў адзінага падатку не. «Платнікі адзінага падатку звыклі працаваць не клапоцячыся пра бяспеку тавару і, адпаведна, пра бяспеку спажыўца. І тое, што цяпер прапануецца, ламае гэтую звычку, патрабуе дадатковых выдаткаў, таму ўспрымаецца прадпрымальнікамі хваравіта», - мяркуе Ірына Наркевіч.

Яна падкрэсліла, што тавар нявыяўленага паходжання, які парушае закон аб правах спажыўца, забаронены да рэалізацыі ў Беларусі. Гэта патрабаванне дзейнічае даўно і не датычыць тэмы тэхрэгламенту МС на тавары лёгкай прамысловасці. «Проста тут закаклюка ў тым, што сапраўды было нейкае паслабленне для індывідуальных прадпрымальнікаў, што яны прадавалі пэўны тавар і ён не павінен быў праходзіць сертыфікацыю і дэклараванне. Масава ніхто не выходзіў на праверку», - патлумачыла яна, дадаўшы, што цяпер урад грунтоўна займаецца гэтай праблемай і шукае шляхі яе развязання.

Разглядаюцца, у прыватнасці, розныя варыянты таго, што рабіць з няякасным таварам, забароненым да рэалізацыі і выключаным з продажу. Магчыма, з ім будуць абыходзіцца аналагічна як з канфіскаваным таварам або як з таварам сэканд-хэнд. У якасці прыкладу Ірына Наркевіч падала Расейскую Федэрацыю.

«Цяпер Дзярждумай у першым чытанні ўжо прыняты праект закона аб унясенні змен у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Законапраектам замацоўваецца парадак знішчэння кантрабанднай і кантрафактнай прадукцыі лёгкай прамысловасці, канфіскаванай з абарачэння і перададзенай пастановай суда ва ўласнасць дзяржавы. Гэта пакуль абмяркоўваецца. Гэта сур'ёзны крок. Я не кажу, што мы цяпер гэтым шляхам ужо ідзем, але зноў-такі для стварэння цывілізаванага спажывецкага рынку і для паляпшэння міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў гандлёвым абарачэнні патрэбныя нейкія пільныя захады для спынення незаконнага ўвозу гэтых незразумелых тавараў. Гэтая тэма цяпер гучыць у Расеі вельмі актыўна. Таму, можа быць, надышоў час і ў нас да гэтай тэмы таксама шчыльна падысці», - сказала яна.

Тэхрэгламент МС аб прадукцыі лёгпрама ўвайшоў у дзеянне 1 ліпеня 2012 года. Для паэтапнага пераходу да адзіных патрабаванняў да 1 студзеня 2013 года дапускаўся выраб і выпусканне ў абарачэнне на тэрыторыі МС прадукцыі, што не падлягала да ўваходу ў дзеянне тэхрэгламенту абавязковай ацэнцы (пацвярджэнню) адпаведнасці. У Беларусі для індывідуальных прадпрыемцаў - платнікаў адзінага падатку гэты перыяд быў падоўжаны да 1 ліпеня 2013 года.

Яшчэ адзін пераходны перыяд тычыцца прадукцыі, на якую да ўвядзення тэхрэгламенту былі выдадзеныя або зарэгістраваныя дакументы аб пацвярджэнні адпаведнасці абавязковым патрабаванням, раней устаноўленымі нарматыўнымі прававымі актамі МС або заканадаўствам дзяржавы - чальца МС. Выраб і выпусканне ў абарачэнне такой прадукцыі дапускаецца да 1 ліпеня 2014 года.

Увядзенне патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза выклікала пратэст беларускіх прадпрымальнікаў: на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня прайшлі страйкі прадпрыемцаў. Прадпрымальнікі выказалі незадаволенасць рэгламентам, заявіўшы, што ён паставіць іх на мяжу выжывання, бо абавязвае рабіць дарагую працэдуру сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці.

З мэтай аптымізацыі пераходу да патрабаванням тэхрэгламенту міністэрствы гандлю, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржкамітэт стандартызацыі 21 чэрвеня прынялі супольную пастанову. Згодна з гэтым дакументам для прадпрыемцаў - платнікаў адзінага падатку спрашчаецца працэдура сертыфікацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі згаданага тэхрэгламенту пры ўмове падачы імі суправаджальных дакументаў на тавары. Аднак гэты дакумент таксама выклікаў незадаволенасць у прадпрымальніцкім асяроддзі, якое заявіла аб недасканаласці пастановы.

Фота: «Блог Гродно s13»

Напісаць каментар 199

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках