4 траўня 2024, Субота, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады рыхтуюць да продажу прадпрыемствы «на мільярды»

91
Улады рыхтуюць да продажу прадпрыемствы «на мільярды»

Грошы ад продажу дзяржуласнасці патрэбныя да зарэзу.

Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі фармуе пералік буйных прадпрыемстваў з доляй дзяржавы, прыватызацыя якіх дазволіць прыцягнуць у бюджэт мільярды даляраў.

«Трэба казаць ужо пра нейкія буйныя прадпрыемствы, каб атрымаць мільярды», - заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер падчас прамой тэлефоннай лініі старшыня ДКІ Георгій Кузняцоў, адказваючы на пытанне аб даручэнні прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча падрыхтаваць заданні для міністэрстваў і рэгіёнаў па прыцягненні валюты ад прыватызацыі ў 4-ым квартале 2013 года - 1-ым квартале 2014 года ў аб'ёме не менш як $1,5 млрд.

Кіраўнік ДКІ заўважыў, што раней камітэт ужо ўносіў ва ўрад спіс прыкладна са 100 прадпрыемстваў для прыватызацыі. «Акрамя буйных прадпрыемстваў - «драбніцы». Іх кошт балансавы - $600 млн. Амаль 100 прадпрыемстваў - $600 млн. Хіба тут $1,5 млрд возьмеш?» - сказаў ён.

Разам з тым Кузняцоў звярнуў увагу, што ў прынцыпе любое прадпрыемства, у якім ёсць дзяржаўная доля, можа быць выстаўлена на конкурс. «Мы можам прыватызаваць любое прадпрыемства, толькі трэба, каб былі жадаючыя (купіць), тады мы зробім рынкавую ацэнку, распрацуем ўмовы продажу, выставім на конкурс», - падкрэсліў ён.

Кіраўнік ДКІ асабліва адзначыў, што «перш павінна быць праведзеная ацэнка рынкавага кошту». «Калі будзем бачыць, што (патэнцыйныя інвестары) звяртаюцца да нас і праяўляюць цікавасць, мы адразу будзем рабіць ацэнку», - запэўніў Г. Кузняцоў. Ён падкрэсліў, што гэты працэс займае пэўны час і каштуе грошай. «На ацэнку невялікага прадпрыемства патрэбны мінімум месяц», - сказаў суразмоўца агенцтва.

«Навошта нам трымацца за тыя прадпрыемствы, якія на датацыі дзяржавы сядзяць? Сядзяць і просяць грошы з бюджэту. Можа быць, трэба іх аддаць у прыватныя рукі, каб быў гаспадар, які разбярэцца з гэтым прадпрыемствам, можа, грошы дасць на мадэрнізацыю, можа, дзесьці спецыялізацыю зменіць», - працягнуў ён. У сувязі з гэтым Кузняцоў заўважыў, што «ў 2011 годзе прадавалі прадпрыемства - ні адно не прыйшло потым (пры новым уласніку) з працягнутай рукой з бюджэту грошы прасіць, а самі працуюць і зарабляюць грошы, і зарплату плацяць і падаткі».

Нагадаем, на гэтым тыдні Мясніковіч раскрытыкаваў працу па прыватызацыі ў гэтым годзе, назваўшы яе ў цэлым праваленай. Ён даў даручэнне, згодна з якім Дзяржкаммаёмасць на працягу тыдня павінна ўнесці ў Савет міністраў прапановы па заданні ў разрэзе міністэрстваў і рэгіёнаў па прыцягненні валюты ад прыватызацыі ў чацвёртым квартале бягучага і першым квартале 2014 года ў аб'ёме не менш як $1,5 млрд. «Прыток гэтых сродкаў у золатавалютныя рэзервы пазітыўна паўплывае на стабілізацыю крэдытна-дэпазітнага рынку, і прадставіцца магчымым зніжэнне стаўкі па рублёвых крэдытах», - сказаў ён.

Напісаць каментар 91

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках