17 траўня 2024, Пятніца, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Звальненні на «Гродна Азоце» - падрыхтоўка да продажу завода

9
Аляксандр Ярашук: Звальненні на «Гродна Азоце» - падрыхтоўка да продажу завода

Скарачэнне 200 работнікаў прадпрыемства можна разглядаць як падрыхтоўку да яго прыватызацыі.

Пра гэта заявіў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, каментуючы сайту charter97.org масавыя скарачэнні на «Гродна Азоце».

«Што тычыцца сітуацыі на «Хімвалакне», якое належыць «Гродна Азоту», то гэта звязана з тым, што сёння выводзяцца дапаможныя вытворчасці і застаюцца толькі асноўныя. Гэта, дарэчы, характэрная палітыка канцэрна «Белнафтахім». У сувязі з гэтым ідзе такі працэс і яго можна разглядаць, як падрыхтоўку да прыватызацыі. Менавіта так адбывалася і ва Украіне, і ў Расеі, калі прадпрыемствы рыхтавалі да продажу. Асноўныя вытворчасці выводзіліся з эксплуатацыі, а разам з гэтым, вядома, узнікалі праблемы - скарачэнне персаналу і працоўных месцаў», - адзначыў прафсаюзны лідар.

Ён падкрэсліў, што Беларусь моцна затрымалася ў тым, каб ажыццяўляць рынкавыя рэформы.

«Сёння гэта з'яўляецца суровай неабходнасцю. Хочам мы ці не, але гэта даводзіцца ажыццяўляць. Прыкра тое, што, нават спазніўшыся, беларускія ўлады не хочуць прызнаваць рэчаіснасць, што краіна стаіць перад працэсамі прыватызацыі і рэструктурызацыі. Усё гэта патрабуе адмысловай праграмы па стварэнні новых працоўных месцаў. Хопіць ўжо казаць пра тое, што ў нас няма беспрацоўя ці яно складае 0,5%, што з'яўляецца фантастыкай. Трэба казаць, што існуе тэрміновая неабходнасць стварэння праграмы занятасці, а гэта ляжыць у рэчышчы прыняцця рашэнняў па эканамічнай лібералізацыі і па развіцці малога і сярэдняга бізнесу», - лічыць старшыня БКДП.

Ён дадаў, што ў чарговы раз час настойліва грукае ў дзверы беларускіх уладаў для таго, каб прымаліся адказныя рашэнні са змяненнем эканамічнага курса.

«Відавочна, што камандна-адміністрацыйная эканоміка збанкрутавала. І мы бачым, колькі ў апошні час узнікае праблем з выплатай заробкаў і затаваранасцю складоў. Усё гэта звёны аднаго ланцуга. Улады павінны прызнаць, што такая праблема ёсць і яе трэба тэрмінова вырашаць, а не быць страўсам, які хавае галаву ў пясок, быццам бы нічога не адбываецца», - сказаў на заканчэнне Аляксандр Ярашук.

Нагадаем, у сувязі з мадэрнізацыяй прадпрыемства 200 работнікаў комплексу «Хімвалакно» ААТ «Гродна Азот» будуць звольненыя.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках