Нацбанк паабяцаў не забараняць валютныя ўклады
68- 15.11.2013, 21:33
- 62,317
На расшыраным пасяджэнні Управы Нацбанка катэгарычна адхілілі ідэю забароны валютных укладаў.
Аб выніках выканання Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь за студзень - кастрычнік 2013 года і задачах банкавай сістэмы для іх далейшай рэалізацыі, а таксама аб актуальных пытаннях падвышэння ўстойлівасці функцыянавання банкаў ішла размова 15 кастрычніка на расшыраным пасяджэнні Управы Нацыянальнага банка, паведамляе прэс-служба Нацбанка.
Падчас пасяджэння было адзначана, што сітуацыя ў замежным гандлі, недастатковы ўзровень паступлення валютнага даходу прадпрыемстваў і рост дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва спрыяюць росту попыту на валюту з боку суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва.
Было падкрэслена, што ўзніклыя ў інтэрнэт-прасторы чуткі аб нібыта рыхтаванай забароне ў Беларусі на захоўванне ашчадку ў замежных валютах маюць «выяўна правакацыйны характар і абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці». Поўная захаванасць і 100-адсоткавая кампенсацыя ўкладаў фізічных асоб як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, гарантаваныя Банкавым кодэксам Рэспублікі Беларусь, Дэкрэтам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб гарантыях захаванасці грашовых сродкаў фізічных асоб, размешчаных на рахунках і (або) ў банкавыя ўклады (дэпазіты)» і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб гарантаванай кампенсацыі ўкладаў (дэпазітаў) фізічных асоб».
Акрамя таго, увядзенне Рэспублікай Беларусь гэткіх аднабаковых валютных абмежаванняў немагчыма з прычыны ўдзелу нашай краіны ў такіх найважнейшых інтэграцыйных аб'яднаннях, як Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Казахстана і Расеі.
Пры гэтым Нацбанк запатрабаваў мінімізаваць перацяканне рублёвых укладаў насельніцтва ў валютныя дэпазіты, у тым ліку і за кошт павелічэння прапановы банкавых прадуктаў у нацыянальнай валюце.
Нагадаем, 16 кастрычніка крыніца charter97.org паведаміла, што камерцыйныя банкі краіны атрымалі рэкамендацыю Нацбанка не прымаць валютны ашчадак грамадзян на кароткі тэрмін, а на наступны дзень урадавая газета «Рэспублiка» выступіла з прапановай забараніць валютныя дэпазіты.