2 траўня 2024, Чацвер, 4:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Уралкалій» не адправіць самалёт за Баўмгертнерам

6
«Уралкалій» не адправіць самалёт за Баўмгертнерам

За чый кошт будзе ажыццяўляцца экстрадыцыя пакуль невядома.

«Мы зараз прапрацоўваем пытанне, як будзе ажыццяўляцца працэс экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расею, - паведаміў «Радыё Свабода» намеснік прэс-сакратара МУС РБ Рыгор Еўчар. - Інфармацыя з'явіцца на нашым сайце».

На пытанне, калі апублікуе МУС інфармацыю: да або пасля экстрадыцыі Уладзіслава Баўмгертнера - Рыгор Еўчар адказаў: «Усё гэта зараз у распрацоўцы. Як толькі вырашым, адразу ўбачыце».

Адвакат Уладзіслава Баўмгертнера Дзмітрый Гарачка па-ранейшаму адмаўляецца ад каментароў для прэсы.

Раней прэс-служба «Уралкалію» паведаміла, што кампанія не плануе адпраўляць за сваім генеральным дырэктарам самалёт.

«Экстрадыцыя адбываецца па лініі супрацоўніцтва праваахоўных органаў Расеі і Беларусі, і менавіта яны кантралююць гэты працэс, - паведаміў супрацоўнік прэс-службы «Уралкалію» Аляксандр Бырыхін. - Пра наш самалёт гаворка не ідзе. Да таго ж на перыяд экстрадыцыі Уладзіслаў Баўмгертнер таксама застаецца пад арыштам».

Прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч таксама паведамляў, што няма адзінага парадку экстрадыцыі абвінавачанага:

«Вось успомніце, як экстрадавалі Кабалава. Ён спачатку ў Гродна ўтрымліваўся ў турме, пасля яго перавезлі ў Віцебскую вобласць, потым на машынах адвезлі на мяжу і з адной машыны перасадзілі ў іншую. Як будзе з Баўмгертнерам, я, шчыра кажучы, не ведаю».

За чый кошт ажыццяўляецца экстрадыцыя, пакуль высветліць не ўдалося.

Генеральная пракуратура РБ сёння пацвердзіла, што рашэнне аб экстрадыцыі Уладзіслава Баўмгертнера ў Расею ўжо прынята.

Расейскі адвакат Уладзіслава Баўмгертнера адмаўляецца даваць каментары па яго справе: «Мы нічога не будзем каментаваць, пакуль Уладзіслаў не будзе ў Маскве, калі яшчэ будзе».

Фота: РІА «Новости»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках