5 траўня 2024, Нядзеля, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Коўш: Нас чакае чарговы выбарчы фарс

27
Мікалай Коўш: Нас чакае чарговы выбарчы фарс

Тое, што арганізуюць беларускія ўлады ў апошнія 15 гадоў, выбарамі назваць ніяк нельга.

Такое меркаванне выказаў у размове з карэспандэнтам charter97.org сябра Нацыянальнага камітэта Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат педагагічных навук Мікалай Коўш, падзяліўшыся сваім меркаваннем аб распачатай кампаніі па «выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў».

На думку брэсцкага актывіста АГП, важкія падставы лічыць, што выбараў у звыклым разуменні ў нашай краіне зноў не будзе, даюць вынікі стварэння тэрытарыяльных выбарчых камісій. «Прынцыпы іх фармавання ранейшыя - уключэнне ў склад правераных людзей, якія беспярэчна забяспечваюць «дэпутацтва» вызначаных уладамі кандыдатаў, - растлумачыў Мікалай Коўш. - А прадстаўнікі дэмакратычных сіл, вылучаныя ў складзе камісій, зноў апынуліся персонамі «нон-грата». Прычым, без усялякіх тлумачэнняў. Хоць на гэты раз мы не гналіся за колькасцю прапанаваных кандыдатур, а зрабілі акцэнт на вылучэнне найбольш вопытных і прынцыповых людзей».

У якасці прыкладу сябра АГП назваў свайго аднапартыйца Сцяпана Навасяльчана, чыя кандыдатура прапаноўвалася ў склад Брэсцкай гарадской выбарчай камісіі. «Сцяпан Мікалаевіч - дасведчаныя педагог, шмат гадоў прапрацаваў дырэктарам школы, а на працягу васьмі гадоў з'яўляўся дэпутатам Брэсцкага гарадскога Савета, - распавядае Мікалай Коўш. - Ён неаднаразова ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях і як кандыдат, і як член выбарчых штабоў дэмакратычных вылучэнцаў у прэзідэнты. У якасці міжнароднага назіральніка Навасяльчан удзельнічаў у выбарах у Расеі, Казахстане, Украіне і Малдове. Але ў склад гарадской камісіі яго так і не ўключылі, а ў абласным выбаркаме не знайшлося месца прадстаўніку Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Аляксандру Дзенісенку, падпалкоўніку ў адстаўцы і дасведчанаму ўдзельніку многіх выбарчых кампаній. З нагоды маёй кандыдатуры - вынік той жа. Не былі прынятыя пад увагу ні ўдзел у двух парламенцкіх кампаніях у якасці кандыдата, ні кіраўніцтва штабамі трох прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост, ні вопыт міжнароднага назіральніка, ні 30-гадовы стаж працы ў кіраўнічых структурах. Зрэшты, нечаканасцю гэта не стала. Верагодней за ўсё, кожны з нас проста не ўпісваецца ў склад выбаркамаў, бо мог бы перашкодзіць арганізацыі «элегантных» перамог «правільных» кандыдатаў».

На думку Каўша, унесеныя змены ў Выбарчы кодэкс носяць не толькі дэкаратыўны характар, але вядуць да пагаршэння правоў удзельнікаў выбарчага працэсу. «Выбары ў любой краіне - справа дарагая. Як для арганізатараў, так і для кандыдатаў. Таму стварэнне выбарчых фондаў палітычных партый (кааліцый) і асобных кандыдатаў - справа, безумоўна, патрэбная. Але зноў-такі ёсць адно «але». Для кандыдатаў ад улады фонды будуць фармавацца з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, а дэмакратычнаму кандыдату стануць устаўляць «палкі ў колы», абавязаўшы яго дэклараваць атрыманыя дадатковыя рэсурсы. Калі нават уявіць сабе, што кандыдат ад улады і апазіцыйны кандыдат атрымалі для правядзення выбарчай кампаніі рэсурсы ад розных, напрыклад, прадпрымальнікаў, то няцяжка спрагназаваць, што чакае кожнага з мецэнатаў ў нашай «дэмакратычнай прававой» дзяржаве», - адзначае актывіст АГП.

Закрануў Мікалай Коўш і ўведзеную забарону на байкот выбарчай кампаніі. «Як можна забараніць тое, чаго няма? - дзівіцца апазіцыйны палітык. - З такім жа поспехам можна забараніць несанкцыянаваныя палёты на Месяц. Справа ў тым, што многія выбаршчыкі, з'яўляючыся сведкамі масавых фальсіфікацый на «выбарах», лічаць для сябе амаральным у іх удзельнічаць. Улады ж за кошт прымусу значнай часткі выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання, прымянення мер адміністрацыйнага ціску на залежных ад іх работнікаў і элементарных прыпісак колькасці тых, хто прагаласаваў, спрабуюць паказаць «актыўнасць» выбаршчыкаў і дэмакратычнасць выбараў у нашай краіне».

Выхад з гэтай сітуацыі прадстаўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі бачыць у тым, каб у дзеючы Выбарчы кодэкс былі ўнесеныя не касметычныя, а кардынальныя змены, а таксама забяспечанае іх няўхільнае выкананне. «А яшчэ я хацеў бы адзначыць, што нават цяперашняе беларускае заканадаўства прадугледжвае сур'ёзнае пакаранне за парушэнне Выбарчага кодэкса. Так, артыкул 192 КК РБ за «...загадзя няправільны падлік галасоў ці іншае скажэнне вынікаў галасавання...» прадугледжвае пакаранне, звязанае з абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў. Але я не памятаю выпадку, каб гэты артыкул ужываўся на практыцы. Больш за тое, складваецца ўражанне, што структуры, у абавязкі якіх уваходзіць кантроль за выкананнем дзеючага заканадаўства, страхуюць» дзейнасць асоб, якія пераступаюць закон. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што ў Беларусі за апошнія 15 гадоў фактычна створаная арганізаваная злачынная групоўка (злачынная шайка), у якой выразна вызначаныя ролі - заказчыкаў, арганізатараў, выканаўцаў. Прозвішчы тых жа членаў выбаркамаў друкуюцца ў газетах. І гэтыя людзі крадуць не фінансавыя ці матэрыяльныя каштоўнасці, а галасы выбаршчыкаў, «пераразмяркоўваючы» іх па камандзе арганізатараў злачынных дзеянняў на карысць «правільных» кандыдатаў. Але ні на адну заяву, накіраваную ў суды, пракуратуру, іншыя зацікаўленыя структуры, не атрымана станоўчага адказу. Больш за тое, актыўныя ўдзельнікі выбарчых кампаній падвяргаюцца пагрозам, шантажу, звальненням з працы, выключэнням з навучальных устаноў, неабгрунтаваным штрафам, адміністрацыйным арыштам, крымінальнаму пераследу. Я не сумняваюся, што нас чакае чарговы выбарчы фарс», - заявіў Мікалай Коўш.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках