2 траўня 2024, Чацвер, 19:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знойдзеныя невядомыя сцэнары Караткевіча

4
Знойдзеныя невядомыя сцэнары Караткевіча

У архівах - дзве тысячы неапублікаваных старонак.

«Караткевіч у пачатку 1960-х хацеў актыўна працаваць з кіно, каб з экрана прыцягнуць увагу да Беларусі, да яе гісторыі, да прыгажосці краіны, - распавядае літаратуразнаўца, даследчык творчасці Караткевіча Анатоль Верабей. - Гэтыя фільмы не траплялі на экран з-за розных прычын - ад мастацкіх да ідэалагічных. Як адбывалася і з кнігамі.

Караткевіч актыўна супрацоўнічаў з аператарам Анатолем Забалоцкім, сібірскім беларусам. Падборку дакументальных фільмаў Караткевіча можна паглядзець у Музеі кіно, іх цяпер выкупляюць з Расеі.

У васьмітомны «Збор твораў» сцэнары не патрапілі, так як аб'ём быў абмежаваны, і мы сканцэнтраваліся на прозе і паэзіі».

«Усяго тут каля двух тысяч старонак, - кажа даследчык Мікалай Раманоўскі, які зараз працуе з архівамі Караткевіча. - Да гэтага часу было больш вядома пра рускамоўны сцэнар «Гнеўнае сонца пякучае», у якога вельмі шмат варыянтаў. З гэтага сцэнара патрапіла на экран толькі адна навэла - пад назвай «Чырвоны агат», а фільм павінен быў складацца з пяці».

«Чырвоны агат» выйшаў на экраны ў 1973 годзе, гэта 23-хвілінная навела пра дзяўчынку, якая адпраўляецца да мора шукаць рэдкі чырвоны агат, каб выратаваць хворага дзядулю. Яна, пры прастаце сюжэту, дзівіць глыбокім псіхалагізмам, паказвае станаўленне характару галоўнай гераіні, піша «Наша Нiва».

Асноўная частка знойдзеных сцэнараў - рускамоўная: у Менску на беларускай тады амаль нічога не здымалі. Беларускамоўных варыянтаў усяго тры-чатыры.

«Ёсць сцэнар мастацкага фільма 1960 года пад назвай «Песня пра каханне і нянавісць», - кажа Раманоўскі. - Але, мяркуючы па ўсім, фільм так і не выйшаў. Караткевіч перапісваў сюжэты па тры-чатыры разы, але яны ўсё роўна не праходзілі рэдакцыйны савет. Захаваўся сцэнар дакументальнага фільма «Памяць». Гэты фільм зняў у 1966 ці 1967 рэжысёр Цвяткоў, ёсць дзве моўныя версіі».

З усіх сцэнараў Караткевіча надрукаваная толькі «Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах сатаны» - гэты фантастычна-гістарычны твор аб сярэднявечнай Беларусі пабачыў свет у 9-м, дадатковым, томе збору твораў. Астатнія сцэнары павінны ўвайсці ў 16, 17 і 18 тамы новага 25-томнага збору твораў пісьменніка, выданне якога павінна скончыцца да 2020 года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках