2 траўня 2024, Чацвер, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Мазырская міліцыя магла абысціся без стральбы

76
Алег Волчак: Мазырская міліцыя магла абысціся без стральбы

Ужыванне табельнай зброі ў дачыненні да маладых людзей звязана з нізкай падрыхтоўкай супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Так былы следчы пракуратуры і кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Волчак пракаментаваў сайту charter97.org прымяненне міліцыянтамі агнястрэльнай зброі пры затрыманні хуліганаў у Мазыры.

«Першае, што хацеў бы адзначыць, гэта малая колькасць інфармацыі па дадзеным інцыдэнце. Кажучы па-народнаму, атрымалася палка аб двух канцах. Незразумела, як сябе паводзілі маладыя людзі і супрацоўнікі міліцыі. Па факце стральбы праверка толькі пачалася», - лічыць юрыст.

Ён таксама дадаў, што валодаючы нават гэтай абмежаванай інфармацыяй, можна зрабіць пэўныя высновы.

«У адпаведнасці з законам аб органах унутраных спраў, у нестандартнай сітуацыі міліцыянты павінны былі ў першую чаргу ўжыць прыёмы рукапашнага бою і спецсродкі: слёзацечны газ, шокеры, гумовыя дубінкі і кайданкі, а таксама, у выпадку неабходнасці, аб'явіць план-перахоп», - падкрэсліў праваабаронца.

Алег Волчак упэўнены, што пры жаданні і выбары правільнай тактыкі, супрацоўнікі праваахоўных органаў маглі затрымаць правапарушальнікаў з найменшай шкодай для іх здароўя.

«Бо трэба правільна і своечасова ацэньваць сітуацыю, і ўжываць службовую зброю толькі ў выпадку, калі існуе пагроза жыццю міліцыянтаў і іншых грамадзян. Што тычыцца дзяцей, якім прастрэлілі ногі, то ў іх замест адміністрацыйнага артыкула за дробнае хуліганства, будуць два крымінальныя: супраціўленне прадстаўнікам улады і нанясенне цялесных пашкоджанняў.

Варта сказаць, што выпадкі прымянення агнястрэльнай зброі супрацоўнікамі аховы правапарадку ў апошні час пачасціліся. У мяне складваецца ўражанне, што міліцыянтаў не вучаць прыёмам рукапашнага бою і дзеянняў у экстрэмальных сітуацыях. На самай справе, у праваахоўных органах існуе недахоп кадраў, асабліва кваліфікаваных. Людзі не хочуць працаваць у міліцыі. Таму, даводзіцца набіраць ледзь не першых, якія трапіліся, і імкнуцца іх утрымаць», - сказаў на заканчэнне эксперт.

Нагадаем, 17 сакавіка ў Мазыры пры затрыманні хуліганаў міліцыя ўжыла службовую зброю, у выніку чаго былі шпіталізаваныя тры чалавекі.

Фота: photo.bymedia.net

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках